Задачы ў бібліятэк і ў пісьменнікаў – аднолькавыя

На мінулыі тыдні ў Мінскім абласным інсцітуце развіцця адукацыі адбыўся семінар з супрацоўнікамі бібліятэк сістэмы адукацыі Мінскай вобласці. У рамках навучальнай праграмы курсаў павышэння кваліфікацыі каля 30-ці бібліятэкараў Міншчыны сустрэліся з паэтэсай, старшынёй Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святланай Быкавай.

Задачы работнікаў бібліятэк, асабліва тых устаноў, якія працуюць непасрэдна з падрастаючым пакаленнем, і задачы сучасных пісьменнікаў аднолькавыя: выхаванне дзяцей і моладзі, фарміраванне ў яго правільных маральных прынцыпаў, перадача вялікага культурнага чалавечага набытку, прывіццё любові да літаратунага Слова.

Творчая скарбонка Святланы Быкавай багатая на вершы філасофскай, духоўнай тэматыкі. Таму гаворка паміж уздельнікамі семінара і паэтэсай не абмежавалася адным знаёмствам з акалічнасцямі яе жыцця і творчасці. Шмат часу захавальнікі літаратурнага скарба і паэтэса адвялі абмеркаванню духоўна-маральных праблем, пытанням выхавання сучаснай асобы. Размова паміж паэтэсай і супрацоўнікамі бібліятэк была шчырай, адкрытай. Паміж іншым абмяркоўваліся і агульныя, філасофскія пытанні чалавечага жыцця, якія ў наш пераменлівы час хвалююць кожнага чалавека.

Развітанне ўдзельнікаў мерапрыемства было цёплым, душэўным. Удзельнікі семінара запрашалі Святлану Анатольеўну да сябе ў госці, каб пазнаёміць з ёй чытачоў сваіх бібліятэк.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”