З жыцця літаратурных аб’яднанняў Міншчыны
«На хвалі паэтычнай дружбы» – такую назву насіла пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, што прайшло ў перадапошні дзень восені ва Уздзенскай раённай бібліятэцы імя П. Труса. Атрымалася цёплая размова аб месцы і ролі літаратараў у сучасным грамадстве, аб любові да Радзімы і прыроды, аб праблемах выхавання сярод дзяцей і дарослых, аб радасцях жыцця і недахопах, што ў ім сустракаюцца.
“В шкафу угрюмом в тихом зале на полках книги умирали” – такія радкі з верша Л. Сперанскай прывяла Ніна Лятун, і яны падштурхнулі літаратараў да размовы аб прызначэнні, важнасці мастацкай літаратуры ў нашым грамадстве. На жаль, у апошні час нярэдка для многіх кнігі замяняюць зносіны ў інтэрнэце, іншыя кароткачасовыя радасці, якія не маюць ніякай каштоўнасці. Каб гэта не адбывалася, аўтарам неабходна больш строга падыходзіць да стварэння сваіх твораў. Віктар Сабалеўскі распавёў пра сучасныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да ахвотных папоўніць шэрагі творчай арганізацыі. Ён пазнаёміў прысутных са сваёй новай кнігай гумару “Казёл у трэндзе”.
Дзмітрый Вінаградаў падзяліўся сваімі планамі. Зараз ён працуе над новай фантастычнай аповесцю і завяршае падрыхтоўку кнігі казак для дзяцей. Вольга Бокуць-Чабатарова новую песню “Матчыны кросны” прысвяціла вядомай у раёне ткачысе, лаўрэату многіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў народнай творчасці Тамары Місюкевіч. Валянціна Шытыка прачытала казку пра тое, як звераняты дапамагалі зайцу ў бядзе, а неўзабаве жыхары горада ўбачаць гэты твор у тэатральнай пастаноўцы. Галіна Нічыпаравіч паказала калегам дыплом за прызавое месца ў конкурсе апавяданняў у адным ветэранскім выданні, а яшчэ аб гэтай перамозе члену Саюза пісьменнікаў будзе нагадваць высаджаная ў яе садзе яблынька, як прыз за перамогу. Галіна Кароль піша вершы пра прыроду. Тамара Каляда напісала кніжку-брашуру да дзесяцігоддзя аддзялення дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту пры сацыяльным цэнтры. Мерапрыемства прайшло на сапраўднай хвалі паэтычнай дружбы.
Віктар Сабалеўскі