З любоўю да роднага Слова

З любоўю да роднага Слова

       Таццяна КАЛЕНІК – не проста доўгачаканы госць у Гатаўскай бібліятэцы-клубе. Не адзін год яна сама працавала тут. Прывіваць любоў да роднай мовы, любіць кожную травінку і кузурку, захапляцца прыгажосцямі роднага краю… Усяму гэтаму вучыць Таццяна Рыгораўна свайго чытача ў кнізе “Бабуліны шпулькі”. Неверагодна цікавая і маляўнічая кніга з самабытнымі ілюстрацыямі нікога не можа пакінуць абыякавым.

       Вось і на сустрэчы 11 мая 2022 года школьнікі пазнаёміліся не толькі з гэтай кнігай, але з цікавасцю гарталі старонкі новай — з творамі юных аўтараў Міншчыны і пісьменікаў вобласці – удзельнікаў творчай пляцоўкі “Сябрына”. Аднайменны альманах зусім нядаўна пабачыў свет. Хлопчыкаў і дзяўчынак зацікавіла: як можна стаць сааўтарам такога зборніка? Таццяна Каленік, укладальніца альманаха, запрасіла да ўдзелу ў “Сябрыне” таленавітых юных літаратараў, мастакоў, музыкантаў.

       Сустрэча была прысвечана роднаму Слову, традыцыі нашых продкаў — культуры гутаркі і зносін, павазе да суразмоўцы. Напрыканцы яе школьнікі разам з настаўнікамі і супрацоўнікамі бібліятэкі прынялі ўдзел у інтэрактыўных гульнях, спазналі, якія мілагучныя словы выкарыстоўваліся даўней. Знаўцы роднай мовы былі ўзнгароджаны аўтарскімі паштоўкамі пісьменніцы з вытрымкамі з гэтых кніг.

Па матэрыялах Гатаўскай бібліятэкі-клуба.