“Якое ты цудоўнае, жыццё!” 

 “Якое ты цудоўнае, жыццё!” 

Гэты радок з верша паэтэсы-зямлячкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Валянціны Гіруць-Русакевіч даў назву сустрэчы з творцай, якая ладзілася 28 сакавіка ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы ў рамках Тыдня дзіцячай кнігі.

У пачатку мерапрыемства загадчык бібліятэкі Алена Трасцянка паведала  вучням пачатковых класаў СШ №1 г.Валожына, што прыйшлі на сустрэчу,  гісторыю ўзнікнення Кніжкінага Тыдня,  якому сёлета споўнілася ўжо 75 гадоў, расказала  пра важнасць кнігі ў жыцці чалавека, а значыць і надзвычайную важнасць літаратурнай працы пісьменнікаў, і прадставіла дзецям госцю.

На сустрэчы гучалі вершы з дзіцячых кніг В.Гіруць-Русакевіч, загадкі з будучай кнігі для дзяцей, а таксама творы пра прыроду і радасць жыць у родным краі з кнігі “На нітцы часу”, якая выйшла зусім нядаўна, у сакавіку бягучага года, ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). Вершы паэтэсы гучалі як у аўтарскім выкананні, так і ў выкананні чытачоў дзіцячай бібліятэкі  ўнукаў паэтэсы Любы і Грышы Русакевічаў.

Чытайце, тамніцы адкрывайце,

Спявайце, весяліцеся, гуляйце,

Цікаўцеся, шукайце і пытайце…

І толькі ў міры, шчасці падрастайце! –

такі наказ-пажаданне на завяршэнне сустрэчы адрасавала Валянціна Францаўна сваім маленькім землякам.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.