… Як гармонія светабудовы: прадстаўляючы ўдмурцкага паэта Сяргея Мацвеева

У беларускай перыёдыцы – у часопісах і газеце “Літаратура і мастацтва” – не аднойчы змяшчаліся творы ўдмурцкіх пісьменнікаў. І ў часопісе “Полымя”, і ў часопісе “Всемирная литература”, які, на вялікі жаль, зараз не выходзіць… Некалькі гадоў назад у “Полымі” была надрукавана падборка вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі. Пераўвасабляў вершы на беларускую мову Віктар Гардзей. “ЛіМ” надрукаваў паэтычныя творы Ларысы Марданавай. Перакладчык – Рагнед Малахоўскі. І вершы самога Сяргея Мацвеева таксама ўжо друкаваліся ў беларускім літаратурна-мастацкім штотыднёвіку. А яшчэ Вячаслаў Ар-Сяргі быў прадстаўлены ў аўтарскай анталогіі паэзіі народаў свету “Лучнасць”, над якой Мікола Мятліцкі працаваў доўгія гады, паралельна з сваім заняткам арыгінальнай паэзіяй. А нядаўна ў “Звяздзе” выйшла асобная кніга Вячаслава Ар-Сяргі “Ранішні вецер у акне”, якую пераклаў на беларускую мову Віктар Гардзей.

Адбітак традыцый удмурцкага жыцця – і ў прадстаўленых ніжэй чытачу вершах Сяргея Мацвеева.

“Калі паўстала сонца над зямлёй/ У першы светлы дзень летазлічэння,/ Энергія, што мкнула ўсцяж бруёй,/ Яшчэ не мела ў космасе наймення,” – зазірае Сяргей Мацвееў у далёкія і разам з тым блізкія для чалавека прасторы. Блізкія – яшчэ і таму, што чалавеку ўласціва змагацца з Сусветам у раскрыцці таямніц. Нават, калі для кагосьці з нас гэтае змаганне можа аказацца бессэнсоўным… Вершы Сяргея Мацвеева вельмі часта сягаюць у касмічныя вышыні. Але ж без гэтага палёту паэзію сапраўдную не ўявіць. Паэзію любога народа… Нешта касмічнае ёсць і ў прыцягненнях нашых перакладчыкаў да удмурцкага мастацкага свету, так, у прыватнасці, уяўляецца мне ў апошнія гады… Вячаслаў Ар-Сяргі, Ларыса Марданава, зараз – Сяргей Мацвееў… Ведаю, што ў некаторых перакладчыкаў ёсцть памкненні да адкрыцця і пераасэнсавання твораў іншых паэтаў з далёкай расійскай глыбінкі, з Іжэўска, Сарапула, іншых старонак Удмурціі… І мо яшчэ неаднойчы ўдмурцкія вершы “азораць свету далячынь” (Сяргей Мацвееў) якраз па-беларуску… Жывучы спадзяваннямі на гэта, хацелася б нагадаць, што ў беларуска-удмурцкіх літаратурных сувязяў ёсць трывалая аснова…

Давайце згадаем хаця б некаторыя факты такога яркага пабрацімства, пранікнення адной культуры ў другую.

У гады сталінскіх рэпрэсій вымушана звязаў свой лёс з далёкай удмурцкай старонкай адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі Міхайла Грамыка. Дарэчы, ва Удмурціі ведаюць пра гэты факт. Артыкул, прысвечаны нашаму суайчынніку, надрукаваны нядаўна ў Іжэўску ў літаратурна-мастацкім часопісе “Кенеш”. А ў Вялікую Айчынную вайну на Беларусі ваяваў удмурцкі празаік Міхаіл Лямін. Пра гэта ён расказаў у дакументальанай аповесці “Чатыры гады ў шынялі”. Яна не аднойчы выдавалася на рускай мове. Мне здаецца, што проста наш абавязак – перакласці яе на беларускую мову і выдаць у Мінску. Хаця б ужо ў знак удзячнасці да франтавіка Міхаіла Ляміна… Ля вёскі Навікі на Віцебшчыне загінуў удмурцкі паэт Піліп Кедраў. Пра гэты факт яго біяграфіі, творчы лёс легендарнага сына ўдмурцкага народа расказвае ў сваёй паэме Міхаіл Пятроў… У Іжэўску, між іншым, доўга жыў і працаваў рускі празаік Валерый Болтышаў, які нарадзіўся ў Віцебску. Не аднойчы бываў ва Удмурціі беларускі празаік, драматург Васіль Ткачоў. З Удмурціяй звязаны лёс і паэтэсы Лідзіі Возісавай, якая зараз жыве ў Мінску. Доўгі час у Іжэўску жыў і працаваў у мясцовым універсітэце ўраджэнец Рэчыцы, літаратуразнавец Барыс Восіпавіч Корман. Яго кандыдацкая дысертацыя, між іншым, прысвечана творчасці Максіма Багдановіча.

У розныя гады на сцэнах удмурцкіх тэатраў ішлі спектаклі па п’есах Кастуся Губарэвіча, Аркадзя Маўзона, Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка… Цікавым падаецца і такі факт. У пасляслоў’і да кнігі Янкі Купалы “А хто там ідзе” на мовах свету” яе ўкладальнік, літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша піша наступнае: “Удмурты з вершам Янкі Купалы пазнаёміліся яшчэ ў 1915 г. Верш ва ўзнаўленні Кузебая Герда (К.П. Чайнікава) быў змешчаны ў падпольным рукапісным часопісе “Семінарскае пяро”. У перакладзе імя аўтара твора адсутнічала, а “беларусы” былі зменены “удмуртамі”. Удмурты ішлі грамадой, неслі на худых плячах, у мазолістых руках сваю бяду, крыўду. Удмурты імкнуліся людзьмі звацца…”

Ва удмурцкай перыёдыцы ў розныя гады надрукаваны творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Васіля Ткачова, Алеся Карлюкевіча… Дык, можа быць, і нам наспеў ужо час пашырыць прастору ўдмурцкага мастацкага слова ў Беларусі..? На крайні выпадак першыя крокі ў гэтым накірунку ўжо зроблены. І перакладчыцкая руплівасць Міколы Мятліцкага ў пераўвасабленні вершаў Сяргея Мацвеева – добрае на тое сведчанне.

Кастусь Ладуцька

Сяргей МАЦВЕЕЎ (Удмурція)

* * *

Калі паўстала сонца над зямлёй

У першы светлы дзень летазлічэння,

Энергія, што мкнула ўсцяж бруёй,

Яшчэ не мела ў космасе наймення.

Сваё аблічча Бацька-Бог надаў

Адаму з Евай, вы – дзве палавіны,

Гармоніі ўтварыўся вечны сплаў,

Працяў нямы Сусвет да сарцавіны.

Іуда шчэ Ісуса не прадаў,

І жэрдкі шчэ – не ўзлёт распяты крыжа,

І ўвесь Сусвет раззораны вітаў

Не свастыку, што наступае хіжа, –

І Мефістофель быў яшчэ анёл,

Паіў Сусвет гаючым ён ялеем,

І Фауст шчэ над светам не ўзышоў,

Над тым, што сёння ў свеце мы умеем.

ЧЫРВОНАЕ І ЗЯЛЁНАЕ

І колерамі, і водарам

Сёння мой свет жыве:

Суніцы-іскрыны зводдалі

Ўсміхаюцца мне ў траве.

І што там два колеры – выдумка:

Зялёны й чырвоны ўсяго.

Ды сёння я зноўку выберу

Іх вабны жывы агонь.

Чырвоны сунічны колер

Сягоння я не сарву, –

Пагладжу, душу спатолю,

Малую яе галаву.

Тады мне праменнем сваім

Успыхнуць суніцы ў лясах.

І будзе зырчэць агнявым

Колерам іхні пах.

І хто нам гаворыць: свет

Сэнс страціў, незразумелы?

Калыша увесь Сусвет

Водар сунічны спелы.

* * *

Я ў нечай гульні ўсяго толькі прынада

І гэткі заўважны, як мох на сцяне.

Шчэ сэрцу майму не адкрылася здрада

І пошапак ціхі ўсё чуецца мне

Не толькі з нябёсаў – з-пад глебы, з паветра,

З глыбознае самай, што ёсць, глыбіні.

У пошапку хваляў – пылінка на ветры –

Жыццё маё мкнецца да зор чысціні.

І доўжацца гульні – у зорнасці неба

Знікаюць за імі няўмольныя дні.

Здавён чалавека прыводзіць патрэба

У свет наш трывожны для гэтай гульні.

Калі ж не спасцігнеш гульні тае сутнасць, –

Падумаеш: той, хто ў чаканні знямог,

Каб несці ў міжзор’е жывую прысутнасць,

Не ведае нават,

Што ён і ёсць Бог.

* * *

Зляцяць мае вершы ў касмічную выш,

Калі на зямлі абарвецца мой крок.

Дзяўчына спляце самы зыркі вянок

З валошак на ўзмежку, дзе жыта і ціш.

Яе, прыгажуню, паглядам крану,

Пачуўшы, як сэрца сціскаецца зноў,

Дыханнем – напружанай хваляй вятроў –

Былое жыццё на імгненне вярну.

Дзяўчына не ведае: кветкі наўкруг –

Нязнаная слову пяшчота мая.

Сарве яна іх і каля ручая

І рушыць яго узбярэжжам на луг.

Забудзецца сном у глыбокай траве,

Праспіць непрабудна да ўсплёску зары.

Сны буду шаптаць ёй аб даўняй пары,

Дзе чуйнае сэрца каханнем жыве.

Як сны, свае вершы убачыць паэт,

Што сыдуць аднойчы з касмічных глыбінь,

Азораць Сусвету яны далячынь

І нават тады, калі скончыцца свет.

* * *

Па дарозе, што ў вербах старых,

На Вялікдзень вярнуся дадому.

Ля парога на родным двары

Я, вандроўнік, пакіну утому.

Маці сына пасадзіць за стол,

Бацька чаркаю поўнай прывеціць.

І чырвонае яйка наўкол

Морак раніцы ззяблай прасвеціць.

Маці ў грубцы ўзгадуе агонь,

Бацька гляне дапытліва ў вочы.

Чарку вып’ю адну і ўсяго,

Да наступнай зусім не ахвочы.

“Ну ж і моцная, Божа ты мой!” –

Вытру спехам слязінку-макрэчу.

І агонь асалоды зямной

У сцішэлай душы затрапеча.

Я забуду, з’явіўся адкуль,

Не згадаю, куды адыходзіць.

Ява тая, дзе быў я дасюль,

Сны нязводныя стане наводзіць.

Яйка-чырвань ляжыць на стале

Як гармонія светабудовы.

Хоць і вабіць спакусна, але

Ўзяць у рукі яго не гатовы.

Бога я аб адным папрашу:

Хай здаровіцца бацьку і маці.

Просьбай гэтай ніяк не грашу,

З ёй святлей яшчэ зробіцца ў хаце.

Пераклад з удмурцкай Міколы Мятліцкага

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.