«Як будаваць «масты» паміж людзьмі?». Адам Альфрэд Збароўскі (Польшча)

 Адам Альфрэд ЗБАРОЎСКІ (Польшча)
 «Як будаваць «масты» паміж людзьмі?»

У наш час будаўніцтва так званых «мастоў» паміж людзьмі застаецца самай галоўнай місіяй чалавецтва. Калі мы сапраўды хочам, каб наша цывілізацыя выжывала і развівалася далей, мы павінны імкнуцца да прымірэння паміж народамі і культурамі.
Зразумела, задача гэта няпростая, бо ад самага пачатку чалавек у асноўным кіраваўся этнацэнтрызмам у зносінах да адрозных ад сваіх замежных культур. І толькі на мяжы 19-га і 20-га стагоддзяў адбыліся падобныя важныя змены ў мысленні. І ў рэшце рэшт, сёння даследчыкі кола еўрапейскай культуры адышлі ад ацэнкі іншых культур, параўноўваючы іх з уласнымі, якія яны лічаць найбольш развітымі, а таму — найвыбітнейшымі. З’явіўся культурны рэлятывізм, дзякуючы якому чалавек адкрыў сябе свету і пачаў з разуменнем і павагай ставіцца да іншых грамадстваў і культуры. Чалавек зразумеў, што сапраўдны кантакт з іншым чалавекам, адрозным у культурніцкім складніку, можа быць дасягнуты толькі пры ўмовах павагі да яго, уласна, як чалавека, так і культуры, да якой адносіцца апошні.
Сёння, на пачатку 21-га стагоддзя, сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць найвялікшую ролю ў фарміраванні светапогляду чалавека. Яны навязваюць людзям уяўленне аб тым, як яны павінны думаць і жыць, каго лічыць за сябра, а для каго быць ворагам, што ёсць у гэтым свеце «чорнае», а што «белае». Роля сродкаў масавай інфармацыі ў жыцці звычайнага чалавека велізарная. Падобна на тое, што практычна ўся адказнасць за будаўніцтва «мастоў» паміж людзьмі і іх знішчэнне цяпер знаходзіцца ў руках сродкаў масавай інфармацыі.
Існуе мноства навукова-папулярных праграм, што могуць стаць прыкладам станоўчага ўплыву медыйнай культуры на грамадства, паколькі яны вучаць і гэтым самым прыносяць шмат карыснай інфармацыі ў наша жыццё. Гэтыя праграмы распаўсюджваюць навукова-папулярны падыход да нашай планеты, прыцягваюць увагу да складаных сацыяльных праблем і адбіваюцца на чуллівасці людзей. Дзякуючы ўмацаванню тых, найбольш важных каштоўнасцей, якія мае ў сваім багажы кожны з насельнікаў планеты, незалежна ад нацыянальнасці і колеру скуры, сёння мы здольныя будаваць адзін паміж адным гэтыя своеасаблівыя «масты», мы ў сілах імкнуцца да прымірэння чалавецтва.
Думаецца, даволі вялікую ролю ў пабудове такіх «мастоў» паміж людзьмі адыгрывала і ўсё яшчэ адыгрывае мастацтва, што і сёння з’яўляецца ў гэтым сэнсе своеасаблівым культурніцкім сувязным. Мастацтва як камунікатыўная і пазнавальная форма натхняе людзей розных культурных колаў, яно развівае іх чуллівасць. Сёння мы, напэўна, дастаткова выразна адчуваем і ўсведамляем, наколькі моцна змянілася за апошнія 50 гадоў міжкультурная сувязь паміж прыхільнікамі музычнага мастацтва, наклаўшы асаблівым чынам станоўчыя ўзаемаадносіны, і часта — нават паміж вельмі рознымі культурніцкімі асяродкамі. Лёгка адчуць тое, што музыка мае нейкую магічную сілу, здольную аб’ядноўваць чалавецтва, яна ў стане сабраць у адно месца тысячы адрозных людзей і знітаваць іх. Добры прыклад такой знітаванасці — канцэрт у Вудстоку ў 1969 годзе. Канцэрт стаў адным з найбуйнейшых моладзевых сходаў канца 1960-х. Нягледзячы на ​​тое, што фестываль не рэкламаваўся ў сродках масавай інфармацыі, ён сабраў больш за 400 000 чалавек, і гэта пры тым, што адбывалася гэта падчас вайны ў В’етнаме, у час сацыяльных хваляванняў і поўнай абыякавасці ўрада да настрояў амерыканцаў. Як вынік — канцэрт у Вудстоку быў шырока пачуты ва ўсім свеце, а рок-н-рольная музыка атрымала новую місію распаўсюджвання міру і любові на планеце.
Большасць канфліктаў у апошні час звязана з рэлігійнымі прычынамі. У гэтым пытанні стаўленне Папы Францішка, а раней Іаана Паўла II, з’яўляецца той асновай, на якой можна будаваць «мост» прымірэння. На сустрэчы з дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Ватыкане, Папа Францішак выказаў жаданне будаваць гэтыя «масты» праз дыялог паміж народамі, праз бачанне людзьмі адзін аднаго не як ворагаў, а як братоў.
— Вы не можаце будаваць «масты» паміж людзьмі і забывацца на Бога. Аднак, таксама дакладна, што нельга пражываць у сапраўднай веры ў Бога, забываючыся на іншых. Менавіта таму, вельмі важна сёння актывізаваць дыялог паміж рознымі рэлігіямі. Перш за ўсё, я думаю пра дыялог з ісламам, і я цаню прысутнасць на імшы падчас пачатку майго служэння шматлікай колькасці прадстаўнікоў рэлігійных і свецкіх уладаў ісламскага свету. Важна таксама актывізаваць кантакты з няверуючымі, каб рознагалоссі, якія дзеляць і шкодзяць, ніколі не пераважалі. Але няхай жаданне выбудоўваць сапраўдныя сувязі дружбы паміж усімі народамі пераважае, нягледзячы на ​​разнастайнасць. Барацьба як з матэрыяльнай, так і з духоўнай беднасцю, будаўніцтва міру і ўзвядзенне «мастоў» — гэта арыенціры таго шляху, які я хацеў бы заахвоціць у кожнай з краін, якія вы прадстаўляеце», — сказаў Папа.
Духоўны і палітычны лідэр тыбецкага народа, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Далай-лама XIV на працягу многіх гадоў заклікае да мірных дзеянняў, міжрэлігійнага дыялогу і паразумення. Падчас гістарычнай сустрэчы прадстаўнікоў будызму, ісламу, хрысціянства і яўрэйскай рэлігіі ў Свідніцкім касцёле міру ў Польшчы ён высока ацаніў палякаў за іх практычнасць і стараннасць, але сказаў проста: «Вы павінны вырашаць свае праблемы самастойна, пажадана шляхам дыялогу». Яго Святасць Далай-лама XIV нагадаў — знешні свет паходзіць ад унутранага свету.
— Ні адна маці не нараджае дзіцяці ў гневе альбо агрэсіі. Мы прыйшлі ў гэты свет з мірам, — дадаў ён, — Мір не прыносяць малітвы. Чалавек разбурае мір, таму мы таксама абавязаны яго захоўваць. Гэта не значыць, што не будзе канфлікту інтарэсаў. Яны заўсёды былі і будуць, але да праблем трэба падыходзіць у духу ўзаемаразумення, спагады і дыялогу.
Лёс усіх народаў залежыць ад добрых міжасобасных зносінаў, таму і да папы Папы Францішка, і Далай-ламы трэба ставіцца вельмі сур’ёзна: будаўніцтва «мастоў» паміж людзьмі павінна быць адказнасцю для кожнага з нас, інакш чалавечая цывілізацыя знікне.
 Пераклад з польскай мовы Марыі КОБЕЦ