Яўген Пясецкі. Вершы

***

Асенні ліст казаў: — Ляціма,

Кідай халодны гэты край!

Шукай шчаслівую часіну –

І знойдзеш лепшую радзіму,

Зялёны бераг, вечны рай…

Сягаў, кружляў шукальнік лёсу –

Не даляцеў далячыні…

Знайшоў не райскія дзівосы,

А тыя шэрыя нябёсы –

Адлюстраванне на зямлі.

***

Калі што і было – то мінула.

Пра зіму не ўзгадаю благое:

Завіруха аціхла, паснула.

Маразы адышлі у былое.

Тут вятрыска гуляў па алеях,

Сыпаў срэбра на голае вецце…

Я шкадую таго зімавея –

Дзе ён сёння блукае па свеце?

Сёння ў плыні вясновай, свабоднай

Па абшарах бягуць ручаіны,

Смела рушаць браты крыгаходы

І вяртаюцца птушкі з чужыны.

***

Я ўжо калісьці жыў

I з гэтай рэчкі піў,

Cталеў, старэў i сто разоў ўміраў…

А рэчка ўсё цякла

I плынь свайго святла

З мінулага у новы дзень нясла.

Я мушу жыць ізноў,

Каб з гэтых берагоў

Ўглядацца ў далеч спадчынных краёў.

Глядзець, старажаваць —

Нікому не аддаць

Раку маіх унукаў і дзядоў.

***

Спрачайся ўслых, ці думай ўпотай –

Не зменіш ісціны старой:

Не ты настаўнік над прыродай,

Яна – ва ўсім настаўнік твой.

Рамонкі  квет прадкажа долю,

Адкрыe з кім шчаслівым быць,

Чародка птушак ў вольным полі

Навучыць,  як у згодзе жыць.

Навучыць пушча не баяцца

Ні маразоў, ні летняй спёкі.

Навучыць рэчка не спыняцца

І шанаваць свае вытокі.

***

На тым беразе восені – кветкі на лузе,

Росны ранак і сцежка, што ў зацень вядзе.

А на гэтым – вярбіна схілілася ў скрусе

І пажоўклае лісце ў халоднай вадзе…

Дзе ўзяць човен, каб выйсці насуперак плыні,

Веславаць на той бераг у летнія сны?

Я спытаўся у рэчкі, у ніклай рабіны,

Але тыя знямелі ў чаканні зімы.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.