Газета «Чырвоная зорка». Анонс выдання зборніка «КАРАНІ»

У сённяшнім нумары газеты «Чырвоная зорка» Уздзенскага раёна надрукаваны анонс аб выданні ў хуткім часе калектыўнага краязнаўчага зборніка «КАРАНІ» пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Прапануем чытачам тэкст артыкула:

Хто карані свае губляе, той будучыні не мае

Выдавецтва “Народная асвета” падрыхтавала да друку зборнік краязнаўчых артыкулаў, нарысаў, эсэ і вершаў краязнаўчай тэматыкі “Карані”. Яго аўтары – члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сілай мастацкага слова творцы прызнаюцца ў любві роднаму краю, расказваюць пра цікавейшыя мясціны і людзей, якія пакінулі адметны след у гісторыі Міншчыны. Выданне, якое сабрала пад адной вокладкай 39 пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, прысвечана Году малой радзімы і ажыццёўлена па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У прадмове да кнігі старшыня абласнога аб’яднання літаратараў Святлана Быкава нагадала аб важнасці ведаць, захоўваць і перадаваць для нашчадкаў сувязь з роднымі мясцінамі, асяроддзем, якое спрыяла станаўленню чалавека як асобы, шанаваць паважлівае стаўленне да гістарычнага мінулага.

Пад адной вокладкай сабраны творы вядомых у сталічнай вобласці і літаратурных колах краіны аўтараў – Алеся Карлюкевіча, Генадзя Аўласенкі, Зіновія Прыгодзіча, Барыса Далгатовіча, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Рыгора Саланца ды іншых. У іх – аповед пра родныя мясціны (Маладзечаншчыну і Случчыну, Лагойшчыну і Мядзельшчыну…), слынных людзей Беларусі (у гэтым раздзеле змешчаны і нарыс Віктара Сабалеўскага “Ахвяра часу” – пра лёс уздзенскага паэта Віктара Казлоўскага). Асобны раздзел адведзены падзеям і асобам, што вызначыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Лёгка, узнёсла чытаюцца вершаваныя радкі пра родную крынічку і бярозу пад акном бацькоўскай хаты, знаёмую сцяжынку да ракі і ўспамін пра лясное разнагалоссе. Сваё лірычнае майстэрства прадэманстравалі Таццяна Цвірка з  Капыльшчыны і Уладзімір Цанунін з Вілейкі, Вольга Савасцюк з Мар’інай Горкі і Рэгіна Рэўтовіч з Дзяржынска, іншыя. А хіба не могуць не запасці ў душу такія радкі нашай Галіны Нічыпаровіч:

Хвалюе поле збажыною,

Цвіце на ўскрайку васілёк.

Мой край, я дыхаю табою,

З адметных слоў пляту вянок.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў пачатку верасня ў Бялынічах, у час святкавання Дня беларускага пісьменства. Творы пра родны край могуць быць выкарыстаны і ў час першых урокаў у Дзень ведаў, іншай краязнаўчай і выхаваўчай рабоце, стаць настольнай кнігай для ўсіх, хто любіць і шануе родную Беларусь.

Сяргей ВАСІЛЬЧУК