“Вытоку” – 20 гадоў

“Вытоку” – 20 гадоў

“У вершах і песнях “Вытока” душа” – так называлася сустрэча, што прайшла нядаўна ў Дзяржынскай цэнтральнай бібліятэцы і была прысвечана 20-годдзю мясцовага літаратурнага клуба. Павіншаваць творцаў з юбілейнай датай сабраліся звыш пасўсотні пачынаючых і ўжо сталых паэтаў, празаікаў з розных куточкаў Дзяржыншчыны, а таксама калегі па пяру з Узды і Мінска.

Вядучая вечарыны, кіраўнік клуба “Выток” Наталля Лебядзеўская аднаму з першых дала слова намесніку старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандру Чагану. Ён зачытаў віншавальны адрас кіраўніка раённай вертыкалі ўлады М. Арцюшкевіча, у якім выказваліся словы ўдзячнасці мясцовым літаратарам за актыўную творчую дзейнасць, значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, цікавае правядзенне вольнага часу. Пазней цёплыя словы ў гонар віноўнікаў урачыстасці гучалі з вуснаў шматлікіх гасцей, сяброў і сацыяльных партнёраў літаратурнага клуба – прадстаўнікоў аддзела адукацыі і раённай бібліятэкі, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, БРСМ, прафсаюзаў, ветэранаў, Таварыства Чырвонага Крыжа, клуба паэзіі і аўтарскай песні “Натхненне” з Рэспубліканскага палаца культуры ветэранаў.

Не прамінулі магчымасці павіншаваць суседзяў з адметнай падзеяй у іх творчым жыцці і літаратары Уздзеншчыны. Цікавымі вершаванымі і празаічнымі радкамі, цёплымі пажаданнямі, шыкоўным тортам і іншымі падарункамі віталі юбіляраў сябры літаб’яднання “Нёманец”, а Дзмітрый Вінаградаў агучыў уласную легенду пра паходжанне Койданава.

На рахунку вытокаўцаў звыш 60 калектыўных зборнікаў і аўтарскіх кніг, каля паўтысячы праведзеных толькі ў мінулым годзе сустрэч, прэзентацый, выступленняў у працоўных калектывах, іншых мерапрыемстваў. Знайшлі сцяжынку да свайго чытача члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіна Рэўтовіч, Людміла Круглік, Барыс Савінаў, карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў раёна творы Антона Анісовіча і Уладзіміра Шымановіча, Алы Дзікай і Ядвігі Доўнар… Ёсць у клуба свой гімн, да юбілея мясцовым умельцам выраблены медалі, якія ўручылі ветэранам і найбольш актыўным удзельнікам суполкі. А ў дзень святкавання круглай гадавіны “Вытока” аб’явілі яшчэ аб адной цікавай навіне: цяпер штогод будзе прысуджацца ганаровы тытул “Захавальнік літаратурных традыцый”. Першым уладальнікам пераходнага сертыфіката і сімвалічнага знака адрознення (статуэтка мудрай савы) стала паэтка Аксана Хацкевіч, якая не прапусціла за 20 гадоў ніводнага з пасяджэнняў клуба, стала аўтарам слоў і музыкі вытокаўскага гімна.

Паэзіі, як і каханню, падуладны ўсе ўзросты. Гэта пацвердзілі і выступоўцы – ад пяцігадовага чытальніка верша, унука аднаго з членаў клуба, да творцаў-ветэранаў. Гучалі песні, інсцэніроўкі, музычныя творы. “Прачытаўшы вашы творы ў раённай газеце, зборніку, людзі назаўтра на сваіх рабочых месцах працуюць з большай аддачай, становяцца чысцейшымі душой”, — такая ацэнка аднаго з выступоўцаў як нельга лепш характарызуе плён працы літаратараў.

Віктар Сабалеўскі

На здымках:

Найбольш актыўныя вытокаўцы прымаюць віншаванне ад намесніка старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандра Чагана (другі злева)

Вітаюць суседзяў члены літаб’яднання “Нёманец” з Узды

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.