Вянок сяброўства
У Доме культуры г. Узда прайшло святочнае мерапрыемства, якое пацвердзіла дружбу беларускага і малдаўскага народаў. У свяце прыняла ўдзел дэлегацыя літаратараў Міншчыны: Леанід Крыванос, Алена Стэльмах, Рагнед Малахоўскі, Рыгор Саланец, Таццяна Цвірко, Славамір Даргель, Людміла Круглік, Валянціна Шытыка, Нэлі Мельнічэнка і Віктар Сабалеўскі.
«Я думаю, што ніхто з тых, хто прыйшоў сёння ў гэту залу, не скажа, што дарэмна патраціў час. Праверанае дзесяцігоддзямі сяброўства нашых народаў знайшло цудоўнае пацвярджэнне ў сённяшнім мерапрыемстве, і далей нашы сувязі будуць толькі мацнець» – такімі словамі завяршыў сустрэчу былы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Беларусі Віктар Сарачан.
Каля паўсотні шаноўных гасцей завіталі ў мінулую суботу ў наш райцэнтр. На парозе Дома культуры з традыцыйным беларускім караваем, песнямі і танцамі сустракалі іх прадстаўнікі ўлады, культуры, літаратуры, працоўных калектываў, жыхары горада і раёна. Актавая зала была перапоўнена, чаго даўнавата не было, нават падчас прыезду на Уздзеншчыну зорак эстрады. І гэта яшчэ раз пацвердзіла той факт, што незалежна ад таго, які палітычны курс абралі цяперашнія кіраўнікі асобных рэспублік былога Савецкага Саюза, у беларускага народа засталіся цёплыя добрасуседскія адносіны з людзьмі з гэтых цяпер ужо самастойных дзяржаў.
Цікава было назіраць за людзьмі ў нацыянальных малдаўскіх і беларускіх строях. Спачатку госці (а гэта былі прадстаўнікі культуры, літаратуры, іншых сфер дзейнасці з малдаўскай дыяспары, якая пражывае на тэрыторыі нашай краіны, а таксама прадстаўнічая група, звыш дзесяці чалавек, пісьменнікаў з Мінскага абласнога і Мінскага гарадскога аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі, члены дзяржынскага літаратурнага клуба «Выток») з цікавасцю абыходзілі наш шыкоўны Палац культуры, дзе ім паказалі і расказалі пра адметнасці нашага краю, культурныя, літаратурныя традыцыі Уздзеншчыны. А малдаване ў сваю чаргу арганізавалі багатую выстаўку работ сваіх майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – дываны, вышытыя ручнікі, розныя вырабы, карціны, кнігі, фотаздымкі, што адлюстроўваюць нацыянальны каларыт гэтай цудоўнай прыкарпацкай краіны.
І вось «Вянок сяброўства» распачынае сваё асноўнае дзейства на сцэне. З цёплым прывітаннем звярнуўся да прысутных Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь у 2017–2021 гадах, старшыня таварыства дружбы «Малдова – Беларусь» Віктар Сарачан. Ён нагадаў гісторыю ўзнікнення гэтага свята, пацвердзіў даўнюю дружбу нашых народаў, гасціннасць і добразычлівасць беларускай зямлі і нашых людзей, пажадаў дабра і міру кожнаму з прысутных у зале. А затым на працягу амаль дзвюх гадзін са сцэны гучалі песні, вершы, якія ўзнялі настрой гледачам, выконваліся танцы.
Першае аддзяленне святочнага канцэрта прадставілі госці – вакальныя групы «Плай» і «Зорыле» і іх салісты. Цудоўна справіўся з роллю вядучага Павел Дуганаў, які і вершаваныя экспромты ў адрас выступоўцаў выдаваў, і верш Галіны Нічыпаровіч на беларускай мове (упершыню!) зачытаў. І не ведаючы малдаўскай мовы, апладысментамі сустракалі гледачы звонкую і даўно знаёмую мелодыю песні «Прымавара» («Вясна»), іншыя вакальныя кампазіцыі. А як пляскалі ў далоні, калі ўласны верш пра трактар «Беларус» зачытаў малдаванін Васілій Семянюк, які ўжо 30 гадоў жыве на беларускай зямлі!
А другая палова імпрэзы складалася з найлепшых нумароў ад беларускага боку. Годна прадставілі сябе і нашы землякі – народны ансамбль «Зборная субота», народны фальклорны калектыў «Крынічанька» з Хатлянаў, узорны танцавальны ансамбль «Вясёлка», салісты Анатолій Фалько, Аляксандр Каханы, Сяргей Прыёмка, Вольга Тоўстая, а таксама ансамбль казацкай песні з Белдзяржуніверсітэта, Людміла Круглік, Аляксей Баранаў, Ніна Дзюбайла, Тамара Кашчэва з Дзяржынскага раёна.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Віктар Сарачан і першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах перадалі уздзенскай зямлі сімвалічную эмблему свята. З гонарам прыняла «Вянок сяброўства» намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Жандармава.
Пацікавіўся ўражаннямі ад мерапрыемства ў некаторых яго ўдзельнікаў і гасцей.
Віктар САРАЧАН, кіраўнік таварыства дружбы «Малдова – Беларусь»: – У нашых народаў падобная гісторыя, на працягу стагоддзяў мы імкнёмся захоўваць сваю незалежнасць, адстойваем інтарэсы нашых краін, падтрымліваем добрасуседскія адносіны. Мы прывезлі на Уздзеншчыну свой нацыянальны каларыт, усё тое, чым багата Малдова. Цудоўна, што нас тут разумеюць, мы ўдзячны за цёплы прыём, клопаты пра захаванне нашых традыцый, цеплыню і гасціннасць.
Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі: – Я ўдзельнічала ва ўсіх папярэдніх фестывалях «Вянка сяброўства». З яго арганізацыяй наша жыццё стала больш яркім, прыгожым, цікавым. З аднолькавым захапленнем прысутнічаю на «Гуканнях вясны» па-беларуску і малдаўскім нацыянальным свяце «Мэрцішор». І ў гэтай зале адчула цяпло сэрцаў нашых малдаўскіх сяброў. Цудоўна, што ёсць такая магчымасць прадэманстраваць нашы братэрскія ўзаемаадносіны.
Лявон ЦЕЛЕШ, жыхар горада Дзяржынска (уздзенцам ён знаёмы як аўтар беларускамоўных крыжаванак, што на працягу ўжо звыш пятнаццаці гадоў змяшчаюцца на старонках «Чырвонай зоркі»): – «Вянок сяброўства» – гэта наша з Васілём Семенюком задумка. Гадоў 12 таму сям’я малдаваніна запрасіла мяне з жонкай да сябе ў вёску Баравікі. Цёплай была сустрэча, мы дзяліліся сваімі нацыянальнымі здабыткамі. Потым пазнаёмілі з імі сяброў па літаратурным клубе «Выток» пры нашай раённай бібліятэцы. Сталі адшукваць людзей з малдаўскімі каранямі, наладзілі сувязь з пасольствам. З яго дапамогай для нас была наладжана цікавая экскурсія па Малдове. Так і ўзнікла ідэя зрабіць штосьці больш маштабнае, што расказвала б аб сяброўстве нашых народаў. Першы фестываль прайшоў у Дзяржынску, затым – у Мінску. Цяпер вось і уздзенская зямля нас так цёпла прыняла. Дзякуй за цудоўны настрой!»
Іна КОРБУТ, жыхарка горада Узда: – Атрымала ад мерапрыемства незабыўныя ўражанні. Так цікава было пазнаёміцца з культурай, нацыянальнымі здабыткамі гэтага народа. І на сцэне, і каля выстаўкі, і ў кожным куточку Дома культуры адчувалася такая святочная атмасфера, што душа спявала. Не шкадую, што скарысталася такой магчымасцю надоўга ўзняць настрой.
Віктар САБАЛЕЎСКІ, “Чырвоная зорка”