Вучыцца на літаратараў

2_12Вочна-завочная школа для дзяцей «Са-творчасць» працуе пры Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. На першыя заняткі ў Мінску сабраліся дзеці з розных раёнаў вобласці, якія з задавальненнем пішуць не толькі школьныя сачыненні, але і выказваюць свае думкі ў вершаванай ці празаічнай форме.

Шукаць вобраз, зачапіць эмоцыяй іх будуць вучыць падчас сустрэч, якія запланаваныя на ўвесь год падчас канікул. Вясной пачалі, а далей заняткі будуць працягвацца летам, восенню і зімой. Таму што, калі ёсць жаданне выказаць нешта сваё, яно прыходзіць незалежна ад пары года і рэгламенту школьнай праграмы. Школа неабавязкова для тых, хто збіраецца далей стаць літаратарам (хоць і гэта не выключаецца і нават заахвочваецца). Прафесія ў жыцці можа быць рознай, але калі чалавеку дадзена пісаць, ён можа рабіць гэта і проста для сябе, для сваіх блізкіх ці сяброў.

На першыя заняткі школьнікі ўжо прыехалі з творамі і не баяліся іх зачытваць. Гэта таксама цудоўны момант для навучання: менавіта тое, што напісана, разбіраецца на занятках, даюцца парады, адзнакі, дзе і што ўдасканаліць. Акрамя таго, у школе можна набыць і канкрэтныя веды пра розныя літаратурныя жанры, асновы творчага майстэрства. Майстар-класы правядуць літаратары Міншчыны. Запланаваныя сустрэчы з Генадзем Аўласенкам, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Валянцінай Гіруць-Русакевіч і іншымі пісьменнікамі і паэтамі. Цягам усяго года юныя аўтары змогуць прапаноўваць свае творы нават для друку: на сайце Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ёсць старонка пад назвай «Са-творчасць».

Марыя АСІПЕНКА

Фота Кастуся Дробава

«Літаратура і Мастацтва”, №12-2016