Віншуем з Днём маці!
Матулі
Пяшчотнаю ўсмешкай, шчырым сэрцам
Матуля асвятляе мне дарогу…
З ёй не баюся ні жыцця, ні смерці,
Усе, як кажуць людзі, мы пад Богам…
Душу дзяцінства грэюць успаміны,
І адлятае некуды трывога…
На вуснах – пах духмянае маліны,
У лес з матуляй – доўгая дарога…
Сваволю я. Малая шчабятушка
Жартую і расказваю навіны…
Матуліна рука казыча вушка…
Якія цёплыя і светлыя хвіліны…
Яна і сёння побач. Скажа слова –
Сваёй жыццёвай мудрасцю суцешыць…
Мая МАТУЛЯ! Мой выток жыццёвы!
Зямны паклон прымі і мае вершы…
Паклон прымі за безліч спраў будзённых,
За дабрыні і шчодрасці суквецце…
Прымі душу з малітваю штодзённай
За твой спакой, здароўе, даўгалецце!
Ганна МІКЛАШЭВІЧ
Малітва маці
Спачываюць гукі, цьмяна ў хаце,
Лапы звесіў з лавы шэры кот.
У куце малітву шэпча маці,
Каб жылося дзецям без турбот.
Каб не ведалі ніколі стомы,
І здароўя пасылаў ім Бог,
Каб заўжды вярталіся дадому
І з далёкіх, і з цяжкіх дарог.
Лашчыць позіркам ікону маці
З думкай: “Дзе дачушка? Дзе сынок?”
І цалуе крыжык, як распяцце,
Каб Анёл абараніць іх змог.
Ёй самой ад іх так мала трэба,
Каб не адракліся праз гады
Хаты, дзе застаўся водар хлеба,
Дзе матуля рада ім заўжды.
У куце малітву шэпча маці,
Каб жылося дзецям без турбот.
Цішыня наўкол і змрочна ў хаце,
Толькі ў сне вуркоча шэры кот.
Людміла КРУГЛІК
Матулі
У час, калі гаснуць агні
І мары спавіты спакоем,
Мяне да грудзей прыхіні
Сваёю пяшчотнай рукою.
Цень свечкі варожыць на сон,
Цікуе з-за воблака поўня.
Па хвалях душы срэбны звон
Плыве беражніцай на чоўне.
Я сны твае сэрцам прыму
Як голас святой Беларусі.
Начамі, калі не да сну,
На вобраз матулі малюся.
Рагнед МАЛАХОЎСКІ
Матери
Тяжело мне. Ты вспомнилась, мама.
С белой прядкой волос у виска.
Синий фартук. В горошек панама.
Тихий голос, как плеск ручейка.
Мне терпенье твоё бы и ласку,
Теплоту милосердной руки…
Побродить по твоим бы мне сказкам,
Где разливы, как Дон, широки.
По разливам щагала упрямо,
Забывая о чёрной волне.
Что сумела ты, милая мама,
Розовеет зарёю в окне.
Ты стучишься в мой сон неурочный –
Как из детства весёлая весть.
Мир добрей от того, знаю точно,
Что во мне от тебя что-то есть.
Алла ЛОПОШИЧ
Мой ратунак
Ружовыя каралі журавінаў,
Раскіданыя пацеркамі ў мох.
Табе адной я, мамачка, павінна
За літары вялікіх перамог.
За шчырасць слоў, пяшчоту мар і думак,
Блакітны позірк праз вякі начэй.
Ты – лепшы і адзіны мой ратунак,
Лагоднасць маіх стомленых вачэй.
Мой сум і радасць, холад і спякота,
Сляза і песня лепшых маіх сноў.
Сягоння, цераз тыдзень, ды і потым
Я буду жаць выснову тваіх слоў.
Збяру я тыя літары ў радочкі –
Яны мне сілы для жыцця даюць.
Спаўю іх у гаючыя снапочкі –
Хай сэрца ваша чысцінёй крануць.
З дарогі дапамогуць хай не збіцца,
Сузор’ямі аздобіўшы Сусвет.
Жывой вады заўжды дадуць напіцца,
Каб не згубіць матулін родны след…
Лёля БАГДАНОВІЧ