ВІНШУЕМ ЮБІЛЯРА!

Сёння, 6 студзеня,  спаўняецца 55 год шаноўнаму Карлюкевічу Алесю Мікалаевічу – паважанаму сябру нашага аддзялення, які на працягу пяці год кіраваў ім, ды і сёння, нягледзячы на адказны дзяржаўны пост, які ён займае, не забывае пра сваіх калег па пяру. З Юбілеем, Алесь Мікалаевіч!

Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч нарадзіўся 6 студзеня 1964 года ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычага вучылішча (1985) і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2002). У 1981-1995 гадах праходзіў службу ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. Працаваў у газеце “Звязда” (1995-1998), “Чырвоная змена” (1998-2002) – галоўны рэдактар, “Савецкая Беларусь” (2002-2006). У 2006-2011 гадах – дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва”. Адначасова, у 2009-2011 гадах з’яўляўся рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”, якая ўваходзіла ў склад РВУ.

У лістападзе 211 года прызначаны галоўным рэдактарам газеты “Звязда”. З лістапада 2012 года адначасова стаў дырэктарам і галоўным рэдактарам выдавецкага дома “Звязда”.

З кастрычніка 2011 па лістапад 2016 года з’яўляўся старшынёй Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. З лістапада 2016 года Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч быў  прызначаны спачатку намеснікам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а з кастрычніка 2017 года  – кіраўніком гэтага ведамства.

У літаратурных колах Рэспублікі Беларусь і за яе межамі  Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч – значная творчая фігура. Ён – вядомы журналіст, краязнаўца, пісьменнік, які піша таксама і для дзяцей. На яго творчым рахунку – адзінаццаць краязнаўчых кніг і шэраг кніг для дзяцей.

Алесь Мікалаевіч – член двух творчых саюзаў: Саюза журналістаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі.  Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, Рэспубліканскай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі “Залаты купідон”, прэміі Саюза журналістаў Беларусі “Залатое пяро”,  Расійскай літаратурнай прэміі імя В.Пікуля .

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.