Віктар САБАЛЕЎСКІ. “Чаканне”, “На граніцы”
Поўнач мінула. Ціш на граніцы.
Вецер матляе ліхтар у двары.
Быццам заснула. Не, зноў не спіцца.
Час не спыняе трывогу тварыць.
Трэці гадочак тут сустракае,
Пагранзастава цяпер яе дом.
Доўгія ночы мужа чакае,
А той пры справах ноччу і днём.
Трэба мірыцца з доляй такою –
У афіцэра жонкаю быць.
Ёй на граніцы не да спакою.
Тут трэба верыць, чакаць і любіць.
Часам дачушка маму спытае:
– Тата ці хутка прыйдзе дамоў?
– Будзь паслухмянай, ты ж не малая.
Сядзем і разам зірнем у акно.
Тату сустрэнем добрым настроем.
Ён у нас мужны, наш сон сцеражэ…
Зноў начным ценем выпаўзлі мроі.
Страх побач кружыць. А ранак – бліжэй.
Кнігу адкрыла – скачуць радочкі,
І замаўкае магнітафон.
Кава астыла. На схіле ночы
Перамагае усё-такі сон.
Лёгкія крокі па-за дзвярамі
Сон адагналі з куточкаў вачэй.
– Мой яснавокі, стаўлю сняданне.
Мы так чакалі! Праходзь жа хутчэй!
НА ГРАНІЦЫ
Звычайны лес, рака і поле,
Над лугавінай бусел кружыць.
На варце міру і спакою
Тут пагранічнік верна служыць.
А на граніцы, на граніцы
У цішыні такая ёсць патрэба,
Ды рэжуць гром і бліскавіцы
Тут на шматкі прытомленае неба.
Няхай вакол буяе лета,
Ды хлопцам не да прыгажосці –
Зліліся з лесам іх берэты,
І не прайсці чужынцу ў “госці”.
Бо на граніцы, на граніцы
Не месца слабакам і баязлівым.
Тут нельга “спаць” і мітусіцца,
А пільнасць кожнаму тут уласціва.
Не стануць хлопцы расслабляцца,
Хоць іх каханыя чакаюць.
У іх такая сёння праца,
І іншай долі не шукаюць.
А на граніцы, на граніцы
Ідзе характараў выпрабаванне,
І нам спакойна дома спіцца,
Бо вораг нас знянацку не застане.
Віктар САБАЛЕЎСКІ