Вечная любоў чалавецтва. Сусветны дзень паэзіі разам з паэтамі Клеччыны

              Вечна юная любоў чалавецтва

Ва ўсе часы ў грамадстве паэзія карысталася вялікай увагай і займала асаблівае месца. Народ заўсёды цаніў яе высокую і святую місію. Кожны чалавек мае патрэбу ў паэзіі. У ёй шукаюць суцяшэнне і прыгажосць  пачуццяў, яе з задавальненнем завучваюць і цытуюць, яна можа некалькімі  радкамі прымусіць чалавека адчуць цэлы свет, яе проста любяць!

Пацверджанне таму – шматлікія мерапрыемствы ў розных куточках нашай  сінявокай краіны да Сусветнага дня паэзіі. Сапраўднай гаспадыняй адчувала сябе Паэзія на  сустрэчы з прафесійнымі і  самадзейнымі паэтамі Клеччыны, што прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. А галоўнымі гасцямі цудоўнай імпрэзы “Паэзія краю роднага ў душы загучала зноў” былі вершы! Вершы, якія дапамагаюць у паэтычных радках матэрыялізаваць свой унутраны свет. Як пераканаліся прысутныя, у кожнага з клецкіх паэтаў свой свет, свой стыль, сваё бачанне жыцця.

Адкрылі свята добра вядомыя ў горадзе і далёка за яго межамі  члены Саюза пісьменнікаў РБ  Лілія Мялешка, Таццяна Цвірка, Галіна Плакса-Нупрэйчык.

Цікавымі, змястоўнымі  былі і выступленні самадзейных паэтаў:  Аляксандра  Жукоўскага, Юрыя Эверта, Вольгі Герасімовіч, Анатолія Белага, Мікалая Янушкі, Вольгі Лабажэвіч, Марыі Пабудзей, Майі Сельвановіч і іншых.

З песнямі ўласнага сачынення выступілі Вадзім Крук, Аляксей Лапата. Таксама прагучала песня на словы Л.В.Мялешкі пра Клецкі край, музыку да якой напісаў Ю.Эверт.

Больш за дзве гадзіны ў зале панавала святочная атмасфера, але, як прызнаваліся прысутныя, ніхто не стаміўся! Значыць, імпрэза не проста  абудзіла цікавасць да паэзіі, а і закранула самыя таемныя струны чалавечай душы. Арганізатары мерапрыемства ўпэўненыя, што з кожным годам прыхільнікаў паэзіі на Клеччыне будзе ўсё больш і больш, бо паэзія была, ёсць і будзе вечна юнай любоўю чалавецтва!

 ПРЫЙДЗІ, ПАЭЗІЯ!                        Таццяна ЦВІРКА

Прыйдзі, я не здзіўлюся,

Калі парой начною

Табою акраплюся,

Як золкавай расою.

Уляці ў акно бяссоннае

Ты птушкаю параненай.

Сярод зімы сцюдзёнае

Сцяліся рунню ранняю.

Прыйдзі ў сны-небыліцы

Вяшчункай асляпляючай.

У сэрца бліскавіцай

Прарэжся апякаючы.

Прыйдзі! Святой, сапраўднаю.

Суцішанай. Гарэзлівай.

Нястомнай. Беззаганнаю…

Прыйдзі, прыйдзі ,

Паэзія !

      Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення

ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»