Уздзенскае раённае літаб’яднанне “Нёманец” – да Дня народнага адзінства
Share the post "Уздзенскае раённае літаб’яднанне “Нёманец” – да Дня народнага адзінства"
Напярэдадні Дня беларускага адзінства ва Уздзенскай раённай бібліятэцы імя П. Труса прайшла сустрэча пад назвай “Будучае Беларусі – у адзінстве”.
Перад яе пачаткам удзельнікі і госці мерапрыемства (а гэта былі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў пры ТЦСАН, прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі, сябры раённага літаб’яднання “Нёманец”) пазнаёміліся з экспанатамі выставак малюнкаў Іны Дворак і сувенірнай прадукцыі Людмілы Дзюрычка.
Вядучая пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі свята, якое адзначаецца ў Беларусі другі раз, а затым удзельнікі сустрэчы дапоўнілі яе, расказалі пра тое, што для іх азначае Радзіма, чаму так важна ўсім нам захоўваць адзінства і згуртаванасць. Як любую сям’ю аб’ядноўваюць агульныя мэты і задачы, так і ў краіне нельга дасягнуць міру і згоды, росквіту і дабрабыту, калі кожны будзе паасобку прытрымлівацца процілеглых меркаванняў.
Эмацыянальнымі, інфармацыйна насычанымі былі выступленні кіраўніка раённай ветэранскай арганізацыі Таццяны Лычкоўскай, ураджэнкі Расіі Ніны Лятун, якая ўжо вось 50 гадоў жыве ва Уздзе, пісьменніка, журналіста Віктара Сабалеўскага. Вершаванымі радкамі, песнямі, пра родны край, цікавымі ўспамінамі падзяліліся Вольга Бокуць-Чабатарова, Ала Шыбко, Тамара Каляда, Юлія Глебка. Кожны з выступоўцаў выбіраў з раскладзеных на стале фотаздымкаў, магніцікаў, што сімвалізуюць Беларусь, якія затым змяшчаліся на агульны стэнд і стварылі агульны вобраз нашай любімай Радзімы.
Па інфармацыі Віктара Сабалеўскага