Успомнілі сяброў-паэтаў

Успомнілі сяброў-паэтаў

21 сакавіка на базе Валожынскай раённай бібліятэкі прайшла сустрэча-ўспамін “На крылах паэзіі”, падрыхтаваная  ўдзельнікамі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага цэнтра культуры і супрацоўнікамі бібліятэкі па творах былых “рунеўцаў” Антона Гедроіця, Івана Асіпацкага і Мікалая Палякова.

Мерапрыемства праходзіла ў рамках Сусветнага дня паэзіі і адкрыла цыкл мерапрыемстваў сумеснага літаратурна-краязнаўчага праекта названых устаноў культуры “Пад зоркай паэзіі”, прысвечанага Году малой радзімы.

Вядучыя мерапрыемства Валянціна Гіруць-Русакевіч і Ганна Канановіч коратка расказалі аб кожным паэце, а маладыя ўдзельнікі “Руні” і бібліятэчныя работнікі ўдумліва-пранікнёна чыталі іх творы, прысвечаныя роднаму краю, а таксама вечнаму, хвалюючаму пачуццю, пра якое той жа А.Гедроіць у свой час пісаў: “Каго не грэў агонь кахання/ Той не шчаслівы чалавек.” Дырэктар раённай бібліятэкі Ірына Зянько і ўдзельнік “Рані” Дзмітрый Завацкі выканалі песні на вершы Мікалая Палякова.

Запрошаныя на мерапрыемства чытачы бібліятэкі, жыхары г. Валожына шчыра дзякавалі яго арганізатарам за цікавую сустрэчу-ўспамін.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.