Урокі мужнасці і жыцця са Святланай Быкавай

28-га студзеня ў Доме літаратара адбыўся чарговы “Урок Мужнасці”. На гэты раз яго правяла паэтэса, старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава. “Хто карані свае губляе, той будучыні не мае” – з гэтай думкі распачала сваё выступленне Святлана Анатольеўна. Памяць аб вайне, яе жахах, адказнасць кожнага за сённяшні мір,  асэнсаванне і інтэрпрэтацыя паняцця “мужнасць” у сёняшні, мірны для нас час, непарыўнасць гэтай маральнай чалавечай якасці з такімі паняццямі, як разумнасць, свядомасць – вось асноўныя цаглінкі, на якіх пісьменніца пабудувала сваё выступленне перад старшакласнікамі сталічных школ. Падчас сустрэчы прысутныя пачулі шмат яе вершаў, а таксама вершаў пра вайну, якія старшыня аддзялення прачытала з калектыўнага зборніка “Адзінства. Радзіма, Перамога”, які сабраў пад сваёй вокладкай літаратурныя творы каля 40 членаў Мінскага абласнога аддзялення. Свае ўражанні аб сустрэчы, водгукі і словы ўдзячнасці пакінулі прысутныя ў Гасцявой кнізе Дома літаратараў.

29 студзеня старшыня Мінскага абласнога аддзялення правяла сустрэчу з вучнямі аднаго з аддзінадцатых класаў сярэдняй школы № 152 горада Мінска.

Назва сустрэчы – “Урокі Жыцця”. Святлана Быкава прачытала прысутным шмат філасофскіх і духоўных вершаў. Пасля маладыя людзі адказвалі на пытанні, выказвалі свае думкі аб сэнсе жыцця, ролі ў жыцці чалавека маральных, духоўных прынцыпаў. На памяць аб сустрэчы  пісьменніца падарыла класу адзін са сваіх паэтычных зборнікаў. Напрыканцы сустрэчы быў зроблены агульны фотаздымак.

 

                                                                                      Прэс-цэнтр МАА ГА СПБ