Уладзімір ЦАНУНІН. “Ён застаўся”, “Над Бугам”

Ён застаўся

Ён стаяў на мяжы
З трохлінейкай старою.
Цёплы чэрвеньскі дзень
Расцвітаў пакрысе.
Птах маўкліва кружыў
Над туманнаю мрояй.
Белых воблакаў цень
Прападаў у расе.

Раптам ветрык данёс
Рокат соцень матораў,
Гул паплыў над ракой
Да савецкай мяжы.
Па-над безданню рос
Закружылі ў прасторы,
Разадраўшы спакой,
Самалётаў крыжы.

Быў адчай у душы,
Крыўда ціснула скроні.
Ён прыцэлам злавіў
Самалёта крыло.
Сэрца боль варушыў
І пацелі далоні.
Помста спела ў крыві,
Ёй мяжы не было.

За сваю сенажаць,
За вясёлку над лугам,
Дзе дзяржавы мяжа
І ракітаў кусты
Ён застаўся ляжаць
У акопе над Бугам,
Над якім ні крыжа,
Ні магільнай пліты.

 
Над Бугам

Зямля ўзнялася нечакана дыбам
У ранішняй дрыготнай цішыні,
Ад выбухаў павыляталі шыбы.
Казарма захлынулася ў агні.

Без вопраткі паўсонныя салдаты
З дзвярэй, з вакон, хто быў яшчэ жывы,
Выскоквалі пад кулі аўтаматаў
І падалі сярод густой травы.

Нямногія дабеглі да заставы.
Схапілі там вінтоўкі і штыкі,
І прынялі свой першы бой крывавы
На беразе славутае ракі.

Яны не адступілі, не пабеглі
І выстаялі ўсім смярцям на зло.
На беразе варожым процілеглым
Захопнікаў нямала палягло.

І зноў зара запальвае над лугам
У росах чыстых вечныя агні,
А на высокім беразе над Бугам
На абеліску зорка ў вышыні.

Уладзімір ЦАНУНІН