Уладзімір Цанунін: «Тут я змерыў сцяжынку кожную…»
На мінулым тыдні ў сталічнай кніжнай краме «Светач» адбылася літаратурна-музычная праграма па творчасці Уладзіміра Цануніна «Тут я змерыў сцяжынку кожную».
Імпрэзу адкрыла старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава. Яна выказала словы ўдзячнасці кіраўніцтву ТАА “Белкніга” за прадастаўленую магчымасць выступіць на новай пляцоўцы кніжнай крамы, выказаўшы ўпэўненасць, што гэта першае мерапрыемства паэтаў Міншчыны, але не апошняе, і што супрацоўніцтва прысталічных пісьменнікаў і супрацоўнікаў крамы “Светач” будзе прадаўжацца і надалей. Потым Святлана Быкава перайшла непасрэдна да літаратурна-музычнай імпрэзы, прадставіўшы слухачам галоўнага выступоўцу: паэта і аўтара-выканаўцу з Вілейкі Уладзіміра Цануніна, адзначыўшы яго багаты творчы ўнёсак у літаратурную скарбонку Міншчыны.
Пасля гэтага слова ўзяла вядучая музычна-паэтычнай імпрэзы, кіраўнік Народнага калектыва аўтарскай песні “Элегія” Цэнтра эстэтычнага выхавання ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна” Таццяне Захарыч. Удзельнікі гэтага вядомага музычна-песеннага калектыву прыехалі ў сталіцу, каб падтрымаць свайго таленавітага земляка.
Амаль уся музычна-літаратурная праграма была складзена з вершаў і песень на словы Уладзіміра Цануніна. Паслухаць таленавітага вілейчаніна прыйшлі прыхільнікі яго таленту, сябры і добрыя знаёмыя. З асалодай яны слухалі выступленні Уладзіміра Цануніна і Таццяны Захарыч пад акампанімент скрыпкі, гітары і цымбал.
Прэс-служба МАА ГА СПБ



















