У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ішла размова пра братэрства

З нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася святочная вечарына з удзелам студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, супрацоўнікаў музея, пісьменнікаў Мінскага абласнога і сталічнага аддзяленняў СПБ: Міхася Пазнякова, Навума Гальпяровіча, Рагнеда Малахоўскага, Таццяны Дашкевіч і Ірыны Карнаухавай.

Размова ішла пра традыцыі мастацкага перакладу на беларускую мову з рускай і народаў Расіі. Міхась Пазнякоў, як старшыня Таварыства дружбы «Беларусь – Расія», расказаў пра дзейнасць гэтай грамадскай суполкі, чытаў вершы, прысвечаныя братэрству дзвюх краін. Пра свой вопыт творчых стасункаў з расійскімі літаратарамі, перакладчыцкую дзейнасць, сувязі нашых літаратур распавялі заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч і сакратар секцыі мастацкага перакладу СПБ Рагнед Малахоўскі. Гучалі аўтарскія вершы Ірыны Карнаухавай, а паэтэса Таццяна Дашкевіч выканала некалькі сваіх песень на словы вядомага паэта з Навасібірска Мікалая Шыпілава, які доўгі час жыў у Мінскім раёне, і падарыла музею кнігі з яго творамі.

Прэс-служба МАА СПБ