Тыдзень роднай мовы

Тыдзень роднай мовы

22 верасня адбылася сустрэча дзіцячай пісьменніцы Таццяны Каленік з навучэнцамі Навасельскай сярэдняй школы Мінскага раёна. Гэта было сапраўднае свята, прысвечанае Тыдню роднай мовы, – прыгожа апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі прывіталі госцю малюнкамі, на якіх старанна вывелі любімыя словы на роднай мове. Таццяна Рыгораўна пазнаёміла дзятву са сваёй творчасцю, расказала аб тым, як часам працуе над творамі іншых аўтараў, укладае і ілюструе кнігі. Самых таленавітых вучняў запрасіла прыняць удзел у творчым праекце “Сябрына” Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Бурнае ажыўленне ў зале выклікала апавяданне “Слова з кішэні”, ды і створаная рукамі аўтара, маляўніча аформленая сама кішэня-кайстра. У ёй быццам бы жывуць знаёмыя і амаль забытая беларускія словы. Дзеці імкнуліся адшукаць у ёй самыя добрыя і лагодныя з іх, з цікавасцю разглядалі паштоўкі з назвамі беларускіх рэчаў.

Уразіла пісьменніцу школьная этнаграфічная экспазіцыя “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”. Яе стварыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Вячаславаўна Пятроўская. Карункі, гладышы, маслабойкі… усе гэтыя рэчы яшчэ зусім нядаўна актыўна ўжываліся ў побыце нашых продкаў, а цяпер упрыгожваюць куточак школьнага фае, нясуць моцнае энергетычнае ўздзеянне, нагадваючы кожнаму аб сваіх вытоках.

Прэс-служба МАА СПБ