Тыдзень дзіцячай кнігі ў Смаргоні

22 сакавіка а другой палове дня ў актавай зале ДУА “Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў імя М. К. Агінскага” супрацоўнікі філіяла “Раённая дзіцячая бібліятэка” правялі ўрачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі “У кніг не бывае канікул”.

Стала добрай традыцыяй запрашаць на свята літаратараў, музыкантаў, знакамітых людзей горада і раёна. Не стала выключэннем і гэтае свята кнігі. Да дзяцей, як і ў мінулы год, завітаў наш зямляк, пісьменнік і публіцыст, гумарыст і казачнік член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзь Трафімавіч Жураўлёў. Пісьменнік расказаў пра сваё пасляваеннае дзяцінства, самага роднага чалавека – маму, што выгадавала чацвёра дзяцей, свае школьныя гады, юнацтва, гады вучобы ў БДУ на факультэце журналістыкі, першыя публікацыі. Асабліва цёпла распавёў пра родны куток сінявокай Беларусі – вёску Гарані, возера Свір, Смаргоншчыну. А.Жураўлёў выдаў зборнікі   выбраных твораў — гумару “Апалонік для дырэктара” і кнігу  прозы “Я жадаю вам дабра…” Як пісаў тыднёвік “ЛіМ”(№2 за 2007 год):”Калі знаёмства з гумарам аўтара для беларускага чытача асаблівай навіны не ўяўляе (А.Жураўлёў цягам многіх год выступае ў часопісе “Вожык”), то арыгінальная лірычная міні-проза і эсэ ў жанры нон-фікшн, думаецца, змусяць уважлівага чытача зацікавіцца літаратарам з маладзечна. Магчыма каму падасца, што ў кніжцы замнога свайго, вузкага, сямейнага, аднак, гэтыя сумненні развейваюцца пасля яе прачытання, бо геграфія і гісторыя дзей і герояў кніжкі сягае шырэй уласнага аўтарскага жыцця”. І мы, яго землякі, з задавальненнем чытаем творы “Непераможная мелодыя” у часопісе “Полымя”, якую крытыка асабліва адзначыла як ”самым кранальным творам нумара, дзе па-свойму прафесійна аўтар здолеў перадаць, пераасэнсаваць псіхалогію чалавека на вайне, што зрабіла твор цікавым і прыцягальным, які можна ставіць у адзін рад з вядомымі творамі ваеннай тэматыкі”.

Дзеці задавалі шмат пытанняў аўтару па яго творах і пісьменнік шчыра адказваў, жартаваў. Пісьменнік чытаў свае лрычныя навэлы, абразкі, якія заварожваюць вобразнасцю, жывым родным словам. Нездарма яго навэлы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Дзеці вельмі ўважліва слухалі гукавыя запісы  казак аўтара з фондаў Беларускага радыё. Пісьменнік таксама чытаў свае гумарэскі, што былі змешчаны ў часопісе“Вожык”. Даведаліся пра тое, што Аркадзь Жураўлёў – творца шматграннага таленту, ён аўтар і дэтэктываў,  і цікавых вобразных вершаў, прысвечаных роднай Беларусі,сывёй малой радзіме, а таксама перакладчык.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць набыць  кнігі А.Жураўлёва з яго аўтогафам.

2018-2020 гады абвешчаны на Беларусі Годам малой радзімы і каму, як не нашаму земляку, таленавітаму пісьменніку, пазнаёміць чытачоў з цудоўнымі творамі аб кутках Смаргоншчыны, Мядзельшчыны, Маладзечаншчыны.

Філіял “Раённая дзіцячая бібліятэка” г.Смаргонь

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.