Творчыя дажынкі літаратараў Уздзеншчыны і Дзяржыншчыны

Творчыя дажынкі
правялі 21 лістапада на базе Уздзенскай раённай бібліятэкі
імя П. Труса літаратары Уздзеншчыны і Дзяржыншчыны
“Хай родзіць творчасці палетак” – так называлася сустрэча, на якой пісьменнікі, паэты з суседніх раёнаў падвялі творчыя рахункі адыходзячага года. Для большасці гаспадароў і гасцей чытальнай залы бібліятэкі сустрэча стала чарговай магчымасцю агучыць створаныя нядаўна ці любімыя з напісанага раней радкі, падзяліцца з суседзямі асабістымі творчымі планамі і задумкамі пра далейшае супрацоўніцтва.
Тон размове задаў відэаролік пра першую пяцігодку плённай працы бібліятэкараў, уздзенскага літаб’яднання “Нёманец” у сценах новага Палаца культуры. Затым кожны з прысутных зрабіў своеасаблівую творчую справаздачу.
— Вынікам некалькіх гадоў работы стала для мяне выданне кнігі “Триумф и трагедия сем’и Казей”, — паведаміў калегам член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Барыс Савінаў. – З ранейшых кніг нам больш вядома пра подзвіг Героя Савецкага Саюза Марата, заслугі яго сястры Арыядны, настаўніцы, Героя Сацыялістычнай Працы. Аднак мала хто ведае пра лёс іх бацькоў (бацька – былы матрос, выкладчык механізатарскіх курсаў першай у Беларусі Койданаўскай МТС, маці – партыйны работнік), якія ў 30-я гады мінулага стагоддзя былі незаслужана рэпрэсіраваны, пазней іх рэабілітавалі. З сучасных пазіцый асветлены і іншыя факты. У кнізе шмат ілюстрацый. Аповесць, лічу, павінна стаць неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання ў кожнай школе.
Дзмітрый Вінаградаў пазнаёміў прысутных з цікавымі звесткамі з гісторыі не менш адметнай у гісторыі Беларусі сям’і – замучанага атэістамі ўздзенскага святара Міхаіла Савіцкага і яго сына, Героя Савецкага Саюза Мікалая, які задоўга да Аляксандра Матросава здзейсніў такі ж подзвіг. Гэта – героі будучай кнігі Дзмітрыя Леанідавіча, а сёлетнім плёнам яго працы сталі тры кніжкі для дзяцей, адна – легенды пра паходжанне назваў гарадоў Узда і Дзяржынск. Пісьменнік стаў лаўрэатам чатырох усерасійскіх і міжнародных конкурсаў.
Пад назвай “Где-то на белом свете” з’явіўся сігнальны экзэмпляр трэцяга па ліку рамана Валянціны Шытыка. Гэты фантастычны твор расказвае пра незвычайнае каханне ваўка-пярэваратня і прыгажуні-чараўніцы. З цікавасцю праслухалі прысутныя дзве лірычныя паэмы пра каханне Уладзіміра Шымановіча з Дзяржыншчыны. Зацікавілі слухачоў і выступленні членаў Саюза пісьменнікаў Людмілы Круглік і Галіны Нічыпаровіч, Рэгіны Рэўтовіч і Віктара Сабалеўскага, членаў літаб’яднання “Нёманец” Вольгі Бокуць-Чабатаровай, Тамары Каляда. Тамара Кашчэва з Фаніпаля пакарыла слухачоў цудоўным голасам, выкананнем песень на вершы ў тым ліку і ўдзельнікаў сустрэчы, а Ала Шыбко з Цялякава адказала тым жа, прытым у яе выкананні гучалі вальс і танга, марш і калыханка…


Жанравы дыяпазон літаратараў з раёнаў-суседзяў неабмежаваны. Не сумняваюся, што і гэта сустрэча стане штуршком для напісання новых твораў, чарговым унёскам у справу далейшага супрацоўніцтва.
Віктар САБАЛЕЎСКІ