«Трывожная памяць» Зіновія Прыгодзіча

«Трывожная памяць» Зіновія Прыгодзіча

Выдавецтва «Деловая печать» выпусціла новую кнігу Зіновія Прыгодзіча.

Пад адной вокладкай – нарысы і інтэрв’ю. Аснову кнігі складаюць тэксты, якія расказваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Чытаем у выдавецкай анатацыі: «Кніга “Трывожная памяць” апавядае пра людзей, якія прайшлі праз жахлівыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Адны – у партызанах і на фронце, другія – дзецьмі – пад час фашысцкай акупацыі. Перажытае наклала глыбокі адбітак на іх душэўны і духоўны свет, на іх далейшы лёс».

Як жывы паўстае перад чытачом у расповядзе Зіновія Прыгодзіча народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў («Вайна – не займальная прагулка»). «З любоў і нянавісцю зямною» – дыялог з вялікім паэтам сучаснасці і сябрам Генадзем Бураўкіным. Вось што, у прыватнасці, паэт сказаў свайму суразмоўцу: «…Чаму я так многа ўспамінаю пра тыя цяжкія і незабыўныя гады? Таму што думаю: іменна тады пачала фарміравацца любоў і нянавісць мае і многіх маіх равеснікаў».

У кнізе Зіновія Прыгодзіча чытача чакаюць сустрэчы з народным мастаком СССР Міхаілам Савіцкім, празаікам Барысам Сачанкам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Янкам Сіпаковым, пісьменнікам-франтавіком Алесем Савіцкім, легендарным скульптарам і архітэктарам Леанідам Левіным, кампазітарам Ігарам Лучанком, сынам Якуба Коласа – доктарам тэхнічных навук Міхасём Канстаніцнавічам Міцкевічам і іншымі цікавымі суразмоўцамі, праз якіх аўтар «Трывожнай памяці» вымалёўвае партрэт блізкага і зразумелага яму часу.

Мікола Берлеж

Крыніца: «Созвучие»спасылка