Таццяна ЦВІРКО. “Памяці воінаў-пагранічнікаў”
ПАМЯЦІ ВОІНАЎ-ПАГРАНІЧНІКАЎ
*
Людзі-птушкі прыляталі,
Пер’е чорнае гублялі…
Ой, жахлівы сон!
Ноч чарнільная сляпая
Мроі-мары забівае –
Ой, б’е-звоніць звон…
*
Бязмежнае шчасце ўчарашняе
Злізаў-выпіў золак чэрвеня.
Гудзенне матораў працяжнае –
Бяда! Бяда непамерная…
Раструшчана шчасце яркае
(Няўжо, збыўся сон пад раніцу?)
Гарматамі, ботамі, танкамі…
Зямелька, што з табой станецца?
Бязмежнае шчасце ўчарашняе
Здзяўблі людзі-птушкі чорныя.
Салдацкія сэрцы бясстрашныя
Жывою паўсталі заслонаю.
Героі – “фуражкі зялёныя” –
Нямецкі прагноз перакрэслілі!
Нацысты, ангём ахрышчоныя,
Ляжалі суцэльным месівам.
Заставы “Ў ружжо!” пагранічныя!
Свінцом палівалі ворага…
За планы свае цынічныя
Сплацілі фашысты дорага!
На смерць! Да патрона апошняга! –
Касцямі граніцу ўсеялі.
Зямля-маці, помні кожнага!
Героямі сталі ўсе яны…
Хто бой прыняў першы на досвітку,
У дзень раўнадзенства летняга.
Ванюшы, Сярожкі, Косцікі…
Хай памяць ім будзе светлая!
*
Людзі-птушкі прыляталі,
пер’е чорнае гублялі…
Ой, вайна з касой!
Чорнай хмарай накрывала.
Не скарыла. Не зламала
Ой! Народзе мой!
*
Бязмежнае шчасце ўчарашняе
Здзяўблі людзі-птушкі чорныя.
Салдацкія сэрцы бясстрашныя
Жывою паўсталі заслонаю.
Героі – “фуражкі зялёныя” –
Стаяць на граніцы. Вечныя!
Нашчадкі іх жывяць паклонамі,
Навокал – зямля расквечана!
І шчасце ўзышло ўчарашняе
Смарагдавай рунню на полі…
Сцвярджаюць нам вочы адважныя:
“Не пусцім вайну мы! Ніколі!”
Таццяна ЦВІРКО