Т. Мушынская. Хто ў лесе самы смелы?
Гульня ў рыфмы
Выдавецкі дом «Звязда» вялікую ўвагу надае дзіцячым кнігам. Прынамсі, колькасць такіх выданняў не змяншаецца. Серыя «Вясёлы калейдаскоп» з’явілася колькі гадоў таму і ўжо мае свой твар ды, пэўна, сталага чытача. У гэтай серыі друкаваліся творы Алены Мальчэўскай, Анатоля Бутэвіча, цудоўнага дзіцячага паэта Віктара Ляскоўскага.
Але ёсць яшчэ адна «серыя». У двукоссі — бо афіцыйнага наймення яна не мае. Аднак па змесце і мастацкім афармленні гэтыя кнігі відавочна могуць скласці мінібібліятэку. Размова — пра зборнікі дзіцячых вершаў, і сёння мы распавядзём пра кнігі «Хто ў лесе самы смелы?» Таццяны Мушынскай і «Венерын чаравічак» Надзеі Парчук.
Спадарыня Надзея вядомая вам перадусім дзякуючы нататкам чытачоў, што друкаваліся ў адпаведнай рубрыцы «ЛіМа». Яе вершы аб’ядноўвае моцная прага жыцця, пазітыўны настрой, імкненне да боскага — і ў рэлігійным сэнсе, і ў сэнсе стваральнасці, сімвалічнага святла. Такія ж і яе дзіцячыя вершы. Сама назва зборніка — «Венерын чаравічак» — указвае на змест кнігі: гэта пейзажы, замалёўкі з натуры, хваласпеў прыродзе — як найменшым яе складнікам, так і вялікім законам (змены паравін года, дня і ночы), самому жыццю. Часта Надзея Парчук перастварае прыродныя сімвалы ў сімвалы Радзімы, Беларусі: вядома ж, галоўны тут — несмяротны бусел. Збольшага яе вершы падобныя адно да аднаго, таму кепска запамінаюцца асобныя радкі — толькі настрой. Аднак ёсць і такія яркія штрыхі, дакладныя, яскравыя заўвагі:
Пад вясёлы свіст шпака
Зацвітае лотаць.
Дорачы вяснушкі,
Вясна ідзе з вярбой.
Уменне прыкмеціць дэталь і перадаць яе дакладным словам варта было б развіваць, тым больш што на свет аўтарка глядзіць з пачуццём светлым, а не з’едліва-крытычным, хоць часам і гэтага нестае.
Сярод найбольш удалых твораў Надзеі Парчук — вершык-гульня «Камерунг», які лёгка ўвасабляецца ў жыццё (праўда, сустракаюцца лексічныя недакладнасці), «У завіруху» (у творы ўдалая алітэрацыя), «Калыханка для зайчыка» і «Сон».
Таццяна Мушынская — аўтар прыкметна адрозны. Папершае, прырода ў яе вершах іншая: аб’ект назірання ці ўвогуле фон. Дзеці ў яе могуць паводзіць сябе не ўзорна ў адрозненне ад пастаральна-мілых герояў Надзеі Парчук. Часта бойкія, рытмічныя строфы распавядаюць пра сумныя бакі жыцця, як, напрыклад, матэрыяльная нястача, адзінота, сум ды інш. Часам такія радкі нават бянтэжаць…
Гэтаксама Таццяну Мушынскую адрознівае тое, што яна не ўпісвае чалавека ў свет прыроды, але, наадварот, антрапамарфізуе жывёльны свет. Так, мядзведзь у яе глядзіць перадачы пра людзей, а ўпартыя бараны і фанабэрысты індык відавочна запазычаныя з баечнай традыцыі. Словам, у вершыках гэтых адкрываецца другое дно, што робіць іх яшчэ цікавейшымі для маленькага чытача. Як і творы, пабудаваныя на асацыятыўным мысленні: «Гульня ў рыфмы», «Якія бываюць словы». Завершаныя, яны ўсё адно пакідаюць, як кажуць, «прастору для творчасці» — вы лёгка зможаце прапанаваць свае варыянты асобных радкоў.
Аўтарка ўдала будуе сюжэтныя вершы («Хто галоўны ў сям’і?», «Том, дом і гном»). Калі з першага разу не запомніцца сам радок — вобраз, прынамсі, у памяці застанецца. А гэта — адпраўны пункт для фантазіі, шматлікіх інтэрпрэтацый, пра карысць якіх не трэба і казаць. Тое ж — з гульнёй слоў («лістапад», «лістабой», «лістаплач» і г. д.). Так дзіця не толькі паглядзіць на свет вачыма аўтара, але і само стане стваральнікам.
Наста ГРЫШЧУК
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/38-2015.pdf
Кожны дзень з вершам
Пісьменніцы, паэтцы, крытыку Таццяне Мушынскай падпарадкоўваюцца, здаецца, усе літаратурныя і журналісцкія жанры. Доказ таму — больш як паўтара дзясятка кніг для рознай аўдыторыі: ад заўзятых тэатралаў, прыхільнікаў класічнага мастацтва да самых маленькіх чытачоў, якія толькі пачынаюць знаёмства з літаратурай.
На яе вершы выконваюць рамансы, яе прозай для жанчын захапляюцца самыя дасведчаныя літаратуразнаўцы, ды і дзіцячыя вершы і апавяданні Таццяны Мушынскай адразу ж падкупляюць лёгкасцю інтанацый, яркасцю вобразаў і лёгкасцю радка.
Таму, думаецца, выдатным падарункам для дзетак і іх бацькоў стане новая кніга Таццяны Міхайлаўны «Хто ў лесе самы смелы?», што не так даўно пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».
У гэтым выданні можна знайсці верш да кожнай пары года, часу дня, надвор’я, настрою. Здаецца, што на напісанне дзіцячага твора аўтарцы патрэбна толькі на хвілінку прыпыніцца, задумацца — і верш ужо гатовы! Лёгкі, светлы, душэўны. Ён прымусіць чытача супыніць бег, забыцца на штодзённыя клопаты, а таксама… здзівіцца.
Здзіўленне і радасць, уменне бачыць нечаканае ў звычайным — вось амаль абавязковыя рысы дзіцячых вершаў з новай кнігі Таццяны Мушынскай. Не верыце? Для прыкладу — верш «Кастрычнік»:
Дождж у лесе. Лесавік
Апрануў плашч-дажджавік.
Бо за лета лесавік
Вельмі да цяпла прывык.
Што вадзяніку надзець,
Каб у рэчцы не скалець?
Так, цяпло не вернецца — суперажываем беднаму вадзяніку, ды ўсё ж радуемся, што самі можам сагрэцца, схавацца ад дажджу ў цёплай хаце ці кватэры.
Магчыма, дарослы чытач не будзе так разважаць над кожным творам, якіх у новай кнізе больш сотні, але пагутарыць пра іх з дзецьмі — выдатны варыянт!
Вершаў для такога супольнага разважання-абмеркавання хопіць амаль на ўсю зіму, і, думаецца, многія з іх дзеткі з задавальненнем вывучаць. Яны, дарэчы, запамінаюцца вельмі лёгка…
Марына ВЕСЯЛУХА
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/44-2015.pdf