Т.МУШЫНСКАЯ. ГІСТОРЫЯ АДНАГО «ДОКТАРА», АБО Ў ТЭАТРАЛЬНЫХ ЛАБІРЫНТАХ (урывак)

Дакументальная аповесць у дзённікавых запісах і адступленнях

2015 год

3 кастрычніка, субота

На душы пагана і моташна. Дакладней, там пануюць прыгнечанасць, нервовае трымценне і банальны страх. Той, перад якім бяссільныя здаровы сэнс і розум (бо розум — свядомасць, а страх — падсвядомасць, таму яна мацней). Да страху дадаецца чаканне нечага цьмянага, жудасна-непапраўнага, што няўмольна рухаецца на цябе і называецца маральнай катастрофай. Грамадзянскай ганьбай, публічным пакараннем. Аўтадафэ! Ніяк не менш. Бо як іначай можна назваць правал?!

Надзея заўжды падобная на легкакрылага матылька. Вядома, матылёк недзе існуе. Мігціць-трымціць сваімі пяшчотнымі, празрыста-белымі крылцамі. Але, відаць, цяпер ён лётае далёка ад нас. Схаваўся ад дажджлівага надвор’я, чакае сонечных промняў.

Няўжо ўсё апынецца марным? Тоны зведзенай, ці не дарма, паперы? Літры выпітай валяр’янкі? Мільёны рублёў (дэнамінаваных, вядома!) на мабільным рахунку? Тысячы талончыкаў для тралейбуса і жэтонаў у метро, каб трапіць на рэпетыцыі? А час?! Колькі часу мы з кампазітаркай змарнавалі? Чатыры гады жыцця — гэта не жартачкі.

Вам пакуль нічога не зразумела? І мне таксама. Бо ўсё вакол у тумане. Але сёе-тое патлумачу. Учора, 2 кастрычніка прайшла генеральная. І адначасова здача мастацкай радзе. Чаго? Ну, вядома, спектакля! Заўтра, 4 кастрычніка, — прэм’ера. На генеральнай нарэшце ўсе кавалкі пастаноўкі сабралі, з частак і дэталяў. Але і закідаў на радзе хапала. І аркестр было кепска чуваць, і дэкарацыі ў адным эпізоде не ўзняліся, спевака не было відаць. Нейкая разбэрсанасць. Ці рэальна яе адолець за два дні?

Калі поспех, дык ён памнажаецца на колькасць гледачоў у зале. Калі няўдача, ганьба памнажаецца на тую ж колькасць. Вы думаеце, выпадкова Жорж Бізэ ўзяў ды памёр неўзабаве пасля таго, як ягоную геніяльную «Кармэн» асвісталі? А Вердзі дарма даў клятву, што ніколі не будзе пісаць для опернага тэатра пасля правалу або напаўудачы некалькіх пастановак?

Дзякуй богу, што я не пішу музыку. Мне лягчэй, а як кампазітару?! Падобна, што Марына трымціць яшчэ больш, чым я. Немагчыма! Бо падобны стан перадаецца і транслюецца. У пэўны момант не вытрымліваю і пытаюся ў сяброўкі:

— Табе заўтра спяваць трэба?

— Не… — здзіўлена кажа яна, нібы ўпершыню чуючы навіну.

— А танцаваць?

— Не-а.

— А на скрыпцы іграць? Маўчыць.

— Не трэба, — адказваю я замест яе. — Дык чаго ты торгаешся?

— А раптам… — пачынае яна і распавядае пра фальшывыя ноты аркестра на генеральнай.

— Калі што, дык гэта будуць іх фальшывыя ноты. А не твае…

Калі б мы былі мужыкамі, дык пайшлі б у бар. І добра ўзялі б, каб зняць стрэс. Але паколькі мы не мужыкі і гарэлка нам зусім не ідзе (арганізм ну катэгарычна не прымае!), дык трэба ратавацца нейкім іншым чынам. Як ратаваліся — распавядаць не буду. Няхай застанецца сакрэтам.

* * *

Нарэшце патлумачу як след. 4 кастрычніка 2015 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь павінна адбыцца сусветная прэм’ера. Не больш і не менш. Гэта значыць, такой раней нідзе і ніколі не было. Першы паказ оперы «Доктар Айбаліт, або Падарожжа ў Афрыку» для дзяцей і дарослых. Музыка Марыны Марозавай. Ідэя і лібрэта Таццяны Мушынскай (значыць, мае). Паводле казак знакамітага Карнея Чукоўскага, класіка рускай літаратуры.

«Ну, і што?» — іранічна заўважыць скептык. Цымус у тым, што гэта опера менавіта айчыннага кампазітара. Яна адрасавана дзецям і іх бацькам (а опер для дзяцей у сучаснай музыцы або вельмі мала, або зусім няма). Мінулым разам такі твор для дзяцей, і менавіта нацыянальнага аўтара, ставіўся на беларускай сцэне больш як 50 гадоў таму. Гэта была «Марынка» Рыгора Пукста (ад таго часу вырасла некалькі новых пакаленняў гледачоў). Пагадзіцеся, усё разам — сур’ёзная нагода.

Калі б я загадзя ведала, у якую авантуру ўлезла сама, ды яшчэ ўцягнула Марыну, дык сто разоў падумала: ці вартая гульня спаленых свечак? Але дурні ўлазяць некуды або ў штосьці, мала здагадваючыся пра магчымыя наступствы.

Такім чынам, перад вамі невялікая дакументальная аповесць у дзённікавых запісах і адступленнях. Пагаджуся, звычка штосьці занатоўваць на дзіва занудзістая. Але асаблівасць кожнай завядзёнкі ў тым, што яна існуе незалежна ад твайго жадання. Праз нейкі час нават дзівішся: няўжо знайшоў хвіліну, каб зафіксаваць падрабязнасці, рэплікі, уласныя адчуванні? Плынь часу імчыць з велізарнай хуткасцю. Праз год-два дэталі непрыкметна знікаюць з памяці. Думаю, гэтыя старонкі дадуць прыблізнае ўяўленне, што адбываецца ў закрытых для шырокай публікі тэатральных кабінетах, калідорах і лабірынтах.

Згадаю, як пачыналася гэтая катавасія. Або песня. Або блуканне па пакутах. Калі ў цябе, паважаны чытач, хопіць імпэту дачытаць дзённікі да фіналу, ты сам вызначыш, якую назву мае падобны творча-вытворча-арганізацыйнаадміністрацыйны працэс.

Працяг чытаць тут: «Полымя» №11-2016

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.