СЯМЕЙНЫЯ ЧЫТАННІ Ў ЗАСЛАЎІ   

СЯМЕЙНЫЯ ЧЫТАННІ Ў ЗАСЛАЎІ   

13 кастрычніка, напярэдадні Дня Маці, у Заслаўскай дзіцячай бібліятэцы адбылася сустрэча вучняў сярэдняй школы №2, іх матуль і бабуль з зямлячкай, паэтэсай Святланай Быкавай. Мерапрыемства праходзіла пад назвай “Сямейныя чытанні”, бо ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі вершы гучалі не  толькі з вуснаў пісьменніцы, але іх чыталі і загадчыца бібліятэкі Грыгор’ева Наталля Віктараўна, і самі дзеці. Спачатку Святлана Анатольеўна пазнаёмілася са слухачамі, павіншавала ўсіх жанчын з надыходзячым святам, пажадала ім здароўя, поспехаў, дабра і радасці ў жыцці. Пасля ў якасці падарунка яна прачытала некалькі сваіх вершаў, прысвечаных восеньскай пары і  матулям.

Дарослыя былі ўважлівымі слухачамі і гледачамі, але, калі загадчыца бібліятэкі распачала кулінарную віктарыну, яны таксама актыўна ўключыліся ў яе. Пасля віктарыны дзеці выходзілі наперад і чыталі вершы, якія памяталі са школьнай праграмы ці проста некалі вывучылі дома.

Вершаваныя загадкі, якія напрыканцы сустрэчы загадвала Святлана Быкава, узварушылі ўсю аўдыторыю слухачоў: і дзеці, і дарослыя актыўна, весела спрабавалі разгадаць іх, а найбольш актыўныя атрымлівалі ад пісьменніцы невялічкія сувеніры – закладкі для кніг, а ад загадчыцы бібліятэкі – цукеркі.

У канцы мерапрыемства ўдзячныя дзеці і дарослыя шчыра падзякавалі супрацоўнікам бібліятэкі і госці за праведзеную сустрэчу, а адна з мам – супрацоўніца Цэнтра сацыяльнай дапамогі – запрасіла паэтэсу правеці паэтычную вечарыну ў Цэнтры, дзе на дзённым утрыманні знаходзяцца інваліды і пажылыя людзі.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.