Свята паэзіі ў Клецку
Свята паэзіі ў Клецку
Сапраўднае свята паэзіі ладзілася 21-га сакавіка ў Клецкім раённым цэнтры культуры. Невялікая ўтульная зала сабрала 40 чалавек: аматараў прыгожага слова, паэтаў, музыкаў. Арганізавала мерапрыемства Клецкая раённая цэнтральная бібліятэка. Жаночы вакальны гурт “З песняй па жыцці” пад кіраўніцтвам Юрыя Эверта распачаў свята і аздабляў яго прыгожымі змястоўнымі песнямі на рускай, беларускай, украінскай мовах. Юрый Эверт піша тэксты песень і музыку. Таксама шмат песень уласнага сачынення падарыў слухачам усімі любімы ў Клецку бард Аляксей Лапата. Развесяліў прысутных трапным гумарам паэт-голасавец Аляксандр Жукоўскі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нупрэйчык (Плакса) чытала вершы, прысвечаныя паэтам, паэзіі, лірычныя творы. Узнёслыя, цудоўныя радкі гучалі з вуснаў клецкіх паэтаў Віктара Худаўца, Вольгі Лабажэвіч, Святланы Тамбулатавай, Святланы Жук. Анатоль Белы выконваў свае песні пад гітару і таксама чытаў вершы. У мерапрыемстве ўдзельнічалі юныя чытальнікі Марыя Палешка і Максім Жукоўскі. Марыя Палешка спрабуе свае сілы ў вершаскладанні і прапанавала прысутным паслухаць некалькі сваіх вершаў. Удзячныя слухачы сустракалі выступоўцаў цёплымі апладысментамі. Дзве гадзіны праляцелі, як адно імгненне. У зале гаспадарыла паэзія, запальвала агеньчыкі ў паглядах аднадумцаў, усяляла ў сэрцы цяпло, спагаду, дабрыню. Як і ва ўсе вякі, яна непарыўна яднала людзей.
Няхай заўсёды гучыць, жыве паэтычнае слова!
Галіна Нупрэйчык
Інфармацыю падрыхтавала паэт, член Мінскага абласнога аддзялення
ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Галіна Нупрэйчык (Плакса)