«Светач» вітае дзіцячую кнігу!

«Белкніга» і кніжныя выдавецтвы Мінінфарма краіны ладзяць адмысловую акцыю ў мінскай кнігарні «Светач».

svetoch_marafon2015_5

Учора, 6 жніўня, пакупнікоў, адпаведна — чытачоў (найперш — дзяцей, школьнікаў) у «Светач» на сустрэчу запрашалі дзіцячыя пісьменнікі. Сваімі расповедамі пра казачныя і сапраўдныя гісторыі, якія яны прыдумалі ці падгледзелі ў жыцці, падзяліліся паэты і празаікі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Міхась Пазнякоў, Дзмітрый Пятровіч, Ніна Галіноўская, Таццяна Сівец, Алег Ждан, Віктар Шніп, Віктар Ляскоўскі ды іншыя добра вядомыя літаратары. Дарэчы, і кнігі, і нават сшыткі, школьныя дзённікі, алоўкі, фарбы ды шмат што з таго, што школьніку трэба ў партфель пакласці, кнігарня падчас акцыі прапанавала пакупнікам на 10 працэнтаў танней, чым звычайна.

Арганізатарамі сапраўды творчага праекта поруч з «Белкнігай» выступілі выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Выдавецкі дом «Звязда». Між іншым, у гэты дзень кнігарня была адчынена да 23.00.

svetoch_marafon2015_2

— Мы думаем, што досвед возьмуць на ўзбраенне і іншыя кнігарні краіны, — гаворыць дырэктар «Белкнігі» Аляксандр Вашкевіч. — І кніга, адрасаваная дзецям, і кніга для дарослага чытача патрабуюць цікавага расповеду. Чытачам заўжды хочацца бачыць аўтараў наяве. Так што самы час аб’ядноўвацца гандлярам кнігай і пісьменнікам. Тады, пэўна, і тыражы вырастуць, і паболее назваў кніг.

Сяргей ШЫЧКО

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/08/31-2015.pdf

Лепшы адпачынак – з кнігай!

Акцыя “Лета з добрай кнігай” працягваецца. Днямі ў сталічнай кнігарні “Светач” адбыўся “Кніжны марафон”, у межах якога перад чытачамі выступілі паэты, празаікі, літаратуразнаўцы, укладальнікі, выканаўцы аўтарскай песні. Арганізатарамі мерапрыемства сталі “Белкніга”, выдавецтва «Мастацкая літаратура» і РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.

Распачала кніжнае свята дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая, якая запрасіла гасцей прэзентацыі ў казачную краіну, дзе сама яна “працуе” феяй. Аўтар  прадставіла чытачам свае кнігі “Казкі Сіняй падушкі”, “Казкі сівой даўніны” і “Код геніяльнасці”. Пасля выступлення Кацярыны юныя аматары чытання скарысталі магчымасць папоўніць хатнюю бібліятэку кнігай з аўтографам.

svetoch_marafon2015_4

Цягам дзесяці гадзін марафону выступоўцы змянялі адзін аднаго. У аўтарскім выкананні гучалі вершы, песні, цікавыя расповеды, пісьменнікі дзяліліся творчымі задумамі, расказвалі, над чым працуюць…  Наведвальнікі кнігарні “Светач” атрымалі цудоўную магчымасць за адзін дзень пазнаёміцца з некалькімі сучаснымі літаратарамі, даведацца пра кніжныя навінкі  і скласці свой план кшталту “У бліжэйшы час планую прачытаць…”

svetoch_marafon2015_3