Сустрэча з землякамі
У Стоўбцах працягваюцца мерапрыемствы з нагоды 140-й гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. На днях госцем цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая нядаўна справіла наваселле, стаў член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі.
Паэт родам са Стаўбцоўшчыны, з невялікай вёсачкі Марозавічы, што каля мястэчка Рубяжэвічы. Са школьных гадоў супрацоўнічаў з раённай газетай “Прамень”, тут жа распачаў свой працоўны, творчы шлях пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ ў 1983 годзе. Таму і яму было цікава сустрэцца з творчай інтэлігенцыяй горада, паглядзець, як непазнавальна змяніўся райцэнтр пасля правядзення тут у верасні гэтага года абласнога свята хлебаробаў “Дажынкі-2022”.
Віктар Вацлававіч, прыгадаўшы мінулае, расказаў пра свае творчыя здабыткі. З цікавасцю землякі праслухалі вершы, байкі, гумарэскі, творы іншых жанраў, змешчаныя ў дзевяці кнігах паэта, журналіста. Грамадзянская лірыка, вершы патрыятычнага гучання, пра каханне, гумарыстычнага зместу складаюць аснову творчасці госця. Ён падзяліўся вопытам работы уздзенскага літаб’яднання “Нёманец”, якое ўзначальвае звыш 30 гадоў, багатымі літаратурнымі традыцыямі гэтага краю. Каля дваццаці кніг розных гадоў выдання пакінуў ён дырэктару бібліятэкі Марыне Янушкевіч, каб з імі маглі пазнаёміцца жыхары Стаўбцоўшчыны.
А дапоўніла прыемнае ўражанне ад наведвання горада знаёмства з яго цікавінкамі, што з’явіліся тут за апошнія месяцы. Гэта і помнік беларускаму песняру Я. Коласу, і велічная віціна на развілцы пры ўездзе ў Стоўбцы, і абноўлены кінатэатр з яго арыгінальнай архітэктурай, і шматлікія іншыя аб’екты.
Прэс-служба МАА СПБ