Сустрэча ў бібліятэцы

Сустрэча ў бібліятэцы

Пазнаёміўшыся з новай кнігай Віктара Сабалеўскага “Была нядзеля, і мы дудзелі”, загадчыца Кухціцкай сельскай бібліятэкі Ларыса Карніцкая запрасіла аўтара наведаць гэтую ўстанову, выступіць перад чытачамі. Надвячоркам 25 мая ва ўтульнай чытальнай зале сабраліся прыхільнікі творчасці уздзенскага пісьменніка, каб з першых вуснаў пачуць гісторыю стварэння таго ці іншага фельетона, гумарэскі, байкі, даведацца пра яго творчыя здабыткі, планы. А цікавасць кухценскіх чытачоў да гэтай кнігі была яшчэ і ў тым, што некалькі ўключаных у яе твораў прысвечаны менавіта гэтаму населенаму пункту.

— Не, не быў я на кухценскіх дажынках, і размову вашых кабет пра каханне не падслухоўваў, — прызнаўся аўтар. – Усё гэта мае фантазіі. Але пераважная большасць твораў кнігі маюць пад сабой рэальную аснову. Хаця і зменены назвы вёсак, прозвішчы герояў, удумлівы чытач пазнае сітуацыі, што калісьці сапраўды мелі месца на уздзенскай зямлі. Наша жыццё шматграннае, яно пастаянна падказвае тэмы для новых твораў, і гэта не толькі адрасы перадавога вопыту, людзі з цікавымі лёсамі, але і камічныя сюжэты, проста смешныя гісторыі, падгледжаныя і літаратурна апрацаваныя.

З цікавасцю слухалі юныя і дарослыя чытачы і расказ пра тое, як пісаўся нарыс пра кухценскага паэта Кастуся Шавеля, што быў змешчаны ў папярэдняй кнізе В. Сабалеўскага, “Бясцэнны скарб”. Тэме малой радзімы прысвяціў аўтар нізку вершаў, агучаных у час сустрэчы. А гэта і невялічкая вёска Марозавічы, што на Стаўбцоўшчыне, якую сёння прадстаўляюць толькі два карэнныя жыхары, і мястэчка Рубяжэвічы, што славіцца ў акрузе траўнай аптэкай і касцёлам, і багацце прынёманскай прыроды (побач працякае Сула, адзін з вытокаў вялікай беларускай ракі). Са шкадаваннем давялося аўтару канстатаваць, што многія вясковыя дзеці сёння пазбаўлены радасці папрацаваць з дарослымі на сенакосе, праехаць на возе з сенам, паначаваць на сенавале – амаль не засталося кароў у грамадскім сектары, кармы для сельгаспрадпрыемстваў нарыхтоўваюць з дапамогай сучаснай тэхнікі, і дапамога дзяцей тут не патрэбна.

Цікава прабег час. Былая загадчыца бібліятэкі Людміла Астравух расказала пра тое, як упершыню пазнаёмілася з творамі Віктара Вацлававіча, як хацела ўбачыць аўтара, які так замілавана апісвае знаёмыя і ёй мясціны. Хлапчукоў зацікавілі вершы пра граніцу (сустэчы адбылася за некалькі дзён да прафесійнага свята пагранічнікаў), а дзяўчынкі перагортвалі старонкі кнігі пра каханне “Табою я жыву”. І нават маленькія слухачы, якія разам са старэйшымі родзічамі прыйшлі ў бібліятэку памяняць кнігі, уважліва слухалі.

Зацікавіла хлопчыкаў і дзяўчынак і запрашэнне бібліятэкара далучыцца да маючай адбыцца 1 чэрвеня экскурсіі ў пасёлак Першамайск, дзе захаваліся рэшткі Кальвінскага збора, помніка архітэктуры ХVІ стагоддзя. Наперадзе – канікулы, і сустрэча з паэтам, празаікам і публіцыстам стала цікавым пачаткам гэтай цудоўнай пары.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.