Спіс літаратуры на лета

Улетку ўсе імкнуцца збегчы са спякотнага горада. Збіраецеся на мора ці на лецішча? Не забудзьцеся ўзяць з сабой пару кніг. Бо няма больш цудоўнага часу для чытання, чым летні адпачынак: сонца, свежае паветра, водар кветак ці шум хваляў… Завітаўшы ў буйныя кнігарні горада, можна даведацца, якія кнігі мінчукі бяруць з сабой на вакацыі, і скласці спіс самай папулярнай літаратуры гэтага лета.

Я завітала ў чатыры сталічныя кнігарні: «Светач» (пр. Пераможцаў, 11), «Цэнтральная кнігарня» (пр. Незалежнасці, 19), «Веды» (вул. Карла Маркса, 36), «Акадэмкніга» (пр. Незалежнасці, 72) і запыталася ў прадаўцоў і таваразнаўцаў, якія кнігі самыя купляныя сярод сусветнай і беларускай літаратуры. Ва ўсіх кнігарнях адказы былі прыкладна аднолькавыя, таму склаліся яны ў агульныя рэйтынгі.

Пачнём з літаратуры сусветнай — гэты спіс атрымаўся даволі стракатым, бо тут можна знайсці і класічныя творы, і белетрыстыку, і ўзоры масавай літаратуры.

Іосіф Бродскі. Выбранае

Паэзію цяпер не чытаюць, а калі і чытаюць, то набываюць неахвотна, хіба толькі падарункавыя выданні, — амаль адзінадушна адказваюць супрацоўнікі кнігарняў. Выключэнне — Бродскі. Яго набываюць і аматары высокай паэзіі, і дзяўчынкішкольніцы, якія дазналіся пра творчасць Іосіфа Аляксандравіча з сацыяльных сетак. Словам, творчасць вядомага рускага паэта зрабілася мэйнстрымам.

Джэк Керуак. «У дарозе»

 Твор легендарнага амерыканскага аўтара, які стаў голасам пакалення бітнікаў і за сваё кароткае жыццё напісаў каля 20 кніг паэзіі і прозы. Сусветную вядомасць Керуаку прынёс менавіта раман «У дарозе». Першы рэдактар гэтай кнігі любіў распавядаць, што ніколі ў жыцці не працаваў з такім рукапісам: рулон паперы даўжынёй 147 метраў без ніводнага знака прыпынку. Кніга насамрэч захапляльная, правакацыйная, супярэчлівая, таму факт яе папулярнасці ў мінскіх кнігарнях вельмі цешыць.

Джон Грын. «Вінаватыя зоркі» і «Папяровыя гарады»

 Дзве кнігі для падлеткаў вядомага сучаснага пісьменніка Джона Грына, па словах прадаўцоў і таваразнаўцаў, разлятаюцца як гарачыя піражкі, але чаму — невядома. Сюжэты дастаткова банальныя, мова аўтара таксама не вылучаецца асаблівай выкшталцонасцю. Магчыма, дадатковай рэкламай сталі экранізацыі кніг, але іх таксама цяжка назваць шэдэўрамі сучаснага кінематографа. Пра густы не спрачаюцца, але факт застаецца фактам: кнігі Джона Грына — бестселеры як сусветных, так і мінскіх кнігарняў.

Барыс Акунін. «Гісторыя расійскай дзяржавы»

Як сцвярджае сам аўтар у анатацыі да гэтай кнігі, ствараў ён яе для тых, хто хацеў бы ведаць гісторыю Расіі лепш, што яго галоўнай мэтай было зрабіць пераказ гісторыі аб’ектыўным і свабодным ад ідэалагічнай сістэмы і захаваць дакладнасць фактаў. Барыс Акунін падкрэслівае: прафесійныя гісторыкі нічога новага ў гэтай кнізе не знойдуць. Асабіста мне цікава, што шукаюць у гэтай кнізе беларускія чытачы. Ведаць гісторыю суседняй краіны — няблага, але пачынаць усё ж такі трэба са сваёй.

Грэгары Дэвід Робертс. «Шантарам»

Раман аўстралійскага пісьменніка выйшаў у рускамоўным перакладзе не так даўно, але за некалькі гадоў зрабіўся вельмі папулярным, у тым ліку і ў нашай краіне. У аснову кнігі пакладзеныя падзеі з асабістага жыцця аўтара, галоўнае дзеянне сюжэта разгортваецца ў Індыі, у Бамбеі (Мумбаі) у 1980-х гадах. Кніга захапляльная, дынамічная, але разам з тым вельмі кранальная: асноўная сюжэтная лінія перамяжоўваецца з апісаннем асабістых перажыванняў галоўнага героя і філасофскімі разважаннямі. Асобна хочацца адзначыць афарыстычную мову персанажаў. Такім чынам, «Шантарам» станоўча вылучаецца з шэрагу кніг падобнага жанру. Годны выбар.

Рэй Брэдберы. «Віно з дзьмухаўцоў»

 Гэта кніга ўжо даўно стала класікай сусветнай літаратуры. Яна распавядае пра адно лета дванаццацігадовага хлопчыка, якое поўніцца радаснымі і сумнымі, загадкавымі і трывожнымі падзеямі. Чытаючы «Віно з дзьмухаўцоў», успамінаеш дзяцінства, калі кожны дзень надараюцца дзіўныя адкрыцці, калі ты па-сапраўднаму вольны і шчаслівы. Вельмі жыццесцвярджальная кніга і адзін з самых вядомых твораў Рэя Брэдберы, таму нядзіўна, што ён так добра прадаецца.

Фрэдэрык Бегбедэр. «99 франкаў»

Раман Бегбедэра — вострая, месцамі адкрыта злая сатыра на рэкламны бізнес, якая бязлітасна выкрывае гэты шалёны і поўны скажэнняў свет, дзе кожны сам за сябе. Кніга вельмі правакацыйная і шчырая, бо аўтар напярэдадні публікацыі звольніўся з рэкламнага агенцтва. Прайшло ўжо 15 гадоў, як быў напісаны гэта твор, яшчэ 8 гадоў прамінула з моманту яго экранізацыі, але ён па-ранейшаму з’яўляецца адным з самых папулярных.

Э. Л. Джэймс. Трылогія «50 адценняў шэрага»

 Калі верыць героям фільма «Дагрукацца да нябёсаў», то на небе размаўляюць толькі пра мора. А на зямлі, пэўна, не засталося ніводнага чалавека, які б не чуў пра трылогію «50 адценняў шэрага», асабліва пасля экранізацыі яе першай часткі. Кніга стала сусветным рэкардсменам па хуткасці продажаў, абагнаўшы серыю раманаў пра Гары Потэра. Эратычны раман брытанскай пісьменніцы ў мінскіх кнігарнях прадаецца не так хутка, але таксама даволі папулярны.

Аляксандра Марыніна. Серыя кніг «Каменская» і іншыя пазасерыйныя кнігі

 Кнігі Марынінай вельмі папулярныя, бо адрозніваюцца дастатковай якасцю сярод твораў папулярнага дэтэктыўнага жанру, напрыклад ад серыі кніг Дар’і Данцовай. Кішэнны фармат выдання, мяккая вокладка, даступны кошт — усё гэта спрыяе масаваму попыту на кнігі, патрэбныя, каб прабавіць дарогу ў электрычцы.

Алег Рой. Серыя «Чужыя сны» (у суаўтарстве з Кацярынай Няволінай)

Алег Рой — аўтар шматлікіх містычных жаночых раманаў, а таксама дзіцячых фантастычных кніг, вучань вышэйзгаданай Аляксандры Марынінай, пакуль яшчэ не пераўзышоў сваю настаўніцу, але таксама дасягнуў поспехаў на ніве масавай літаратуры. Творы тандэму Роя і Няволінай вылучаюцца надзвычайным псіхалагізмам і сентыментальнасцю, што зрабіла іх папулярнымі сярод жаночай аўдыторыі, у тым ліку і беларускай.

Беларускае

Калі гаварыць пра самыя папулярныя кнігі беларускай літаратуры, то абсалютны лідар продажу — серыя «Мая беларуская кніга», якую выпускае выдавецтва «Папуры». Таваразнаўцы мінскіх кнігарняў проста не могуць нарадавацца такой чытацкай актыўнасці. У «Цэнтральнай кнігарні» з радасцю паведамілі, што першую партыю размялі амаль адразу ж, ад другой таксама ўжо засталася палова. Цікава, што папулярных аўтараў, такіх як Быкаў і Караткевіч, бяруць менш ахвотна. «Наеліся ўжо імі», — тлумачаць прадаўцы. А вось кнігі аўтараў, якія даўно не выдаваліся, разыходзяцца вельмі хутка: напрыклад, «Зельманцы» Майсея Кульбака ці «Лабірынты» Ластоўскага. Актыўна набываюць «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра, а таксама зборнік казак, легенд і паданняў «Сіняя світа». Супрацоўнікі кнігарні тлумачаць, што даўно не ставала менавіта такога фармату беларускіх кніг — невялікіх, у мяккай вокладцы, недарагіх, бо часта нашу літаратуру не чытаюць не праз адсутнасць цікавасці, а з-за вялікага кошту выданняў. Папулярнасць серыі «Мая беларуская кніга» — таму пацвярджэнне.

Варта адначыць, што вельмі добра прадаюцца перакладныя творы сусветнай класікі на беларускую мову, напрыклад «Прыгоды Шэрлака Холмса» Конан Дойля ці «Прыгоды Рабінзона Круза» Даніэля Дэфо. Таксама лідар продажу сярод беларускай літаратуры — безцэнзурныя выданні Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя».

Такім чынам, заўважаецца прыемная тэндэнцыя, што па-беларуску чытаюць больш класічныя творы, а па-руску — масавую літаратуру. Хацелася б яшчэ, каб продажы беларускіх выдавецтваў былі вышэйшымі, бо шмат сапраўды вартых кніг дагэтуль чакаюць свайго чытача. Зрабіце сабе падарунак — схадзіце ў кнігарню, магчыма, гэта зробіць ваш летні адпачынак яшчэ больш прыемным.

Дар’я ЛАТЫШАВА

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/07/30-2015.pdf

Адзін каментарый

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.