СМІ Мінскай вобласці яскрава прэзентавалі центральны рэгіён на міжнароднай выставе

Прэзентацыя СМІ Мінскай вобласці стала адной з яркіх падзей на ХХІІІ міжнароднай спецыялізаванай выставе, што адкрылася 2 мая ў Мінску.

На рэгіянальнай пляцоўцы першай у працяглым прэзентацыйным марафоне (прадоўжыцца выстава да 4 мая!) стартавала «Мінская праўда».

— І людзей жа багата! — здзівілася кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі Святлана Быкава.

 

Разам з пісьменнікам і самадзейным спеваком, гумарыстам з Івянца Дзмітрыем Краскоўскім, нашым калегам Рыгорам Саланцом яна пазнаёміла прысутных з сумесным праектам — літаратурнай старонкай «Сябрына». Трэба сказаць, творчае трыа цалкам апраўдала ўскладзеныя на яго надзеі, стварыўшы надзвычай пазітыўны настрой сваімі вершамі, выдатным гумарам і песнямі. Нам было радасна, што яны далі сваім чытачам такую магчымасць — сустрэцца ўвачавідкі, пабыць так блізка з тымі, каго тыя рэгулярна чытаюць на старонках газеты.

Як вядома, цэнтральная тэма сёлетняй выставы «СМІ ў Беларусі» — 75-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мая калега Юлія Гаўрыленка ўзялася за вялікую і адказную справу, стварыўшы цэлы журналісцкі цыкл пад назвай «Аперацыя «Баграціён»». Асобныя яго моманты быццам ажылі на прэзентацыйнай пляцоўцы. Дапамаглі Юліі рэалізаваць творчую задуму курсанты факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі Аляксандр Шмаераў і Юрый Жэшка, навучэнка педагагічнага каледжа Ксенія Кавалёва. Намаганні маладых людзей высока ацаніў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, які наведаў прэзентацыю.

— Цікава было папрацаваць з прафесіяналамі, — скажуць потым хлопцы, пераапрануўшыся з вайсковай формы 40-х гадоў ў звыклую, курсанцкую.

 

Людзей яшчэ паболела, калі на «рынг», дакладней, на «Алімп» (так называецца тэматычная старонка абласной газеты) выйшаў бронзавы прызёр чэмпіянату свету па боксу Дзмітрый Асанаў з Маладзечна. Ён паразважаў над сакрэтамі спартыўных перамог, галоўны з якіх, на ягоную думку, — рухацца нязломна наперад і верыць. Зараз Дзмітрый рыхтуецца да ІІ Еўрапейскіх гульняў, час на вагу золата. Але, як потым прызнаўся, з задавальненнем правёў гадзіну з «Мінскай праўдай» і яе прыхільнікамі. Як і належыць зорцы, раздаў аўтографы і наладзіў… спарынг. Рэдакцыйны «алімпіец» Стас Лабаты не рызыкнуў, затое наш чытач Дзмітрый смела ўзяўся за баксёрскія пальчаткі. Не, з хлопцам усё добра: перамагла, як самі разумееце, дружба!

Здзівілі сваім майстэрствам выхаванцы школы брэйк-данса «СONQUISTADOR». Здаецца, што нават з цэнтральнай пляцоўкі наведвальнікі перабеглі да нашай паглядзець на іх.

Розыгрыш рэдакцыйнай латарэі — яшчэ адзін прыемны сюпрыз: кожны другі з 75 лотаў стаў шчаслівым. За гэта вялікі дзякуй нашым партнёрам, сярод якіх — Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, комплекс «Лінія Сталіна», Мінскі дэльфінарый, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, гандлёвая марка Kali Laska i музейны комплекс «Дукорскi маёнтак».

Дадаткова

Фундаментальныя асновы журналістыкі застаюцца нязменнымі: безумоўная прыхільнасць да фактаў, аб’ектыўнасць, непрадузятасць, прафесіяналізм, прага самарэалізацыі і творчы пошук. Журналісту таксама неабходна ўсведамленне сваёй адказнай місіi (з выступлення міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча на адкрыцці ХХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі»).

Ігар Сяргееў

Фота: Павел Арлоўскі

Крыніца: Млын.BY

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.