«Слаўная кампанія: рэANIMAцыя». Хто яшчэ не падаў заяўку?

Шаноўнае спадарства!
Паведамляем, што конкурс «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» (http://zviazda.by/be/news/20180423/1524487850-reanimacyya-instrukcyya-ab-paradku-arganizacyi-i-pravyadzennya), прысвечаны беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, паспяхова працягвае свой першы этап — збор заявак ад удзельнікаў і рассылку “ключоў”.
 
Дзевяць з чатырнаццаці заяўленых у спісе герояў будучых твораў “разабраны” удзельнікамі конкурсу: па некалькі заявак атрымана на Франца Савіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Сыракомлю, Янку Лучыну, што створыць, спадзяёмся, добрую канкурэнцыю сярод аўтараў.
Па адной заяўцы атрымана на Кастуся Каліноўскага, Элізу Ажэшка, Альгерда Абуховіча, Яна Баршчэўскага, Зофью Манькоўскую.
Пакуль не атрымана ніводнай заяўкі на напісанне біяграфій пяці асоб: Вікенція Равінскага, Яна Чачота, Францішка Багушэвіча, Пранціша Вуля, Вінцэся Каратынскага. Хто зацікаўлены іх жыццём і творчасцю?
Нагадваем патэнцыйным удзельнікам, маладым і сталым, хто ўмее складна пісаць, мае ў кумірах асобу з ХІХ стагоддзя і гатовы напісаць яе біяграфію, якая ахопіць увесь жыццёвы перыяд, што заяўкі на ўдзел у конкурсе працягваюцца да 24 чэрвеня, прыём работ абвешчаны з 1 мая да 31 кастрычніка. Удзельнікам, якія падаюць заяўку, высылаюцца “ключы” і рэкамендацыі. Арганізатары конкурсу — рэдакцыя часопіса “Маладосць” і кафедра гісторыі беларускай літаратуры БДУ (пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі) — бяруць пад свой патранат кожнага ўдзельніка і гатовы аказваць кансультатыўную і метадычную падтрымку на працягу ўсёй работы над творам.
Конкурс прымеркаваны да Году малой радзімы і прысвечаны 65-годдзю часопіса «Маладосць». Пераможцамі будуць лічыцца аўтары чатырох найлепшых тэкстаў, адабраных журы. Кожны пераможца атрымае Дыплом і матэрыяльнае ўзнагароджанне ад Выдавецкага дома «Звязда» і іншых фундатараў. Лепшыя конкурсныя творыбудуць апублікаваны ў часопісе “Маладосць” на працягу 2019 года. Па выніках конкурсу прадугледжваецца выданне кнігі лепшых гісторыка-біяграфічных твораў, прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя.
Чакаем новых заявак і зычым поспехаў ды натхнення!

Святлана Воцінава,

галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.