«Скрынка з мноствам сакрэтаў» ад лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Сяргея Клімковіча

Пісьменнікі сцвярджаюць, што самыя патрабавальныя чытачы — дзеці. Менавіта ў дзяцінстве фарміруецца культура чытання, маральныя прынцыпы асобы, светапогляд грамадзяніна, таму быць дзіцячым пісьменнікам — асаблівая адказнасць, лічыць чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Клімковіч. З ім наша размова пра тое, як аўтары прыходзяць у дзіцячую літаратуру, што імкнуцца данесці да юнага чытача.

— Нацыянальная літаратурная прэмія прысуджана вам у намінацыі «Лепшы дэбют». Як вы лічыце, яна стала прызнаннем таго, што вы знайшлі сваю літаратурную нішу — дзіцячую літаратуру, — ці хутчэй з’яўляецца паказчыкам высокай ацэнкі вашай творчасці наогул?

— Лічу, што ў пісьменнікаў павінна быць шмат такіх ніш. Каб мець магчымасць схавацца ў іх ад творчага крызісу (Усміхаецца.). А калі без жартаў, то пісьменнік павінен спрабаваць сябе ў розных жанрах і кірунках: публіцыстыка, крытыка, дакументалістыка, проза для дарослых і дзяцей, філасофскія пошукі, нават блогерства. Чаму Леў Талстой — такая недасягальная велічыня, такі тытан, такая глыба і моц у рускай літаратуры? Таму што яго голас гучаў усюды, усе і ўсё падвяргалася ім пісьменніцкаму аналізу, да ўсяго ён выяўляў невычэрпную цікаўнасць і цікавасць — чаго ні дакраніся: філасофіі або навучальных апавяданняў для дзяцей. У гэтым сакрэт выжывання пісьменніка. Нельга замыкацца ў адным жанры. А яшчэ горш — замыкацца на сваіх поспехах або няўдачах. Пісьменніцтва — гэта не вынік, а шлях. Няпросты жыццёвы і творчы шлях.

— Ваша першая публікацыя — аповесць «Шлях да святла» (1997) — гэта даследаванне з’яўлення і негатыўнага ўплыву розных сект і груповак на соцыум, пазней у друку выйшлі гарадскія раманы, аповесці і дэтэктывы. Пісаць для дзяцей вы пачалі значна пазней?..

— Дзіцячая літаратура — заўсёды для пісьменніка выклік, «сканаванне» здольнасцей. Так, менавіта так, як ні дзіўна. Проза для дзяцей лаканічная, неабходна стрымліваць сябе ад спакусы ўводзіць у тэкст складаныя метафары, разадзьмутыя гіпербалы, сказы на цэлы абзац і іншых «прыгостваў». Лаканізм, сцісласць і яснасць — гэтаму, аказваецца, трэба вучыцца некаторым пісьменнікам, калі яны хочуць быць зразумелымі дзецям. Да таго ж мы памятаем, чыёй «сястрой» з’яўляецца сцісласць. І для мяне дзіцячая літаратура — выклік, экзамен на «дзяціннасць», на фантазію, на летуценнасць. Не сакрэт, што дарослыя губляюць з часам адчуванне дзяцінства ў сабе. Па аб’ектыўных прычынах, зразумела. Вось таму я пачаў пісаць для дзяцей. Першымі з’явіліся маленькія аповесці пад назвай «Прыгоды павучка Шушы». Потым — серыя «Таямніца кватэры № 8» і «Загадка Чорных Гадзіншчыкаў».

— У 2011 годзе вы скончылі Літаратурны інстытут. Чаму вырашылі пайсці вучыцца? Што дало вам навучанне? Ці патрэбныя, на ваш погляд, літаратурныя інстытуты нашай краіне?

— Самае дзіўнае рашэнне ў маім жыцці. Мне было 32 гады, я працаваў у часопісе «Армія». Застары для студэнцкай лавы, як мне здавалася. Але калегі ўгаварылі, пераканалі, што нічога страшнага ў гэтым няма. Паехаў паступаць. А ў Маскве да гэтага ніколі не быў. Вялізны горад, нічога незразумела. Як у тумане здаваў экзамены. Дарэчы, там быў экзамен «Пераказ з разважаннем». Я, да свайго здзіўлення, напісаў гэта пераказ (выкладчык чытае пару разоў тэкст, і абітурыенты павінны яго ўзнавіць і зрабіць высновы) на 100 балаў са 100. Нас такіх было двое «завучак». Паступіў на бюджэт. Вучыцца было складана, але карысна і цікава. Гэта і пашырэнне кругагляду, і нават банальнае «падцягванне» пісьменнасці да акадэмічнага ўзроўню. Але ж інстытут — не толькі вучоба. Гэта яшчэ і сам горад, яго магчымасці — музеі, тэатры, выставы, кніжныя крамы, сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі. Гэта каласальныя магчымасці ўласнага пісьменніцкага росту. Расіі, вядома, патрэбен Літаратурны інстытут. Ён аддушына для творчай моладзі. Для маленькай Беларусі ствараць асобны інстытут не бачу сэнсу. (Удакладненне «ЛіМа»: у Інстытуце журналістыкі БДУ адкрыта спецыяльнасць «Літаратурная работа. Творчасць».) Але ж ніхто не забараняе беларусам паступіць на бюджэтныя месцы або платна ў той жа маскоўскі Літінстытут.

— Сяргей Клімковіч-дзіцячы пісьменнік і Клімковічраманіст — што ў іх агульнага і што адрознага?

— Агульнае «я». Ад яго, як разумееце, нікуды не дзенешся. Асоба пісьменніка — як скрынка з мноствам сакрэтаў і патаемных аддзелаў. Часам і сам пісьменнік не ведае, што схавана ў чарговай «скрыначцы». Калі казаць пра агульнае, то гэта заўсёды праўдзівасць, схільнасць да сюжэтнага апавядання, да дынамізму. А пра адрозненні ўжо адзначаў: у дзіцячай прозе трэба стрымліваць сябе ад залішняга ўпрыгожвальніцтва тэксту.

— Света, Леначка, Барыс і Кніжнікі — героі кніг вашай серыі «Таямніца кватэры № 8». Распавядзіце пра іх больш падрабязна, калі ласка. Што нас чакае на старонках новых кніг серыі?

— Гэта цудоўныя дзеці! Жывыя, цікаўныя, смелыя, сумленныя. Такімі павінны быць героі дзіцячых кніг. Яны ўвесь час у пошуку, ні хвілінкі спакойнай няма: школа, гурткі, хатнія заняткі, прыгоды. З гэтага складаецца дзяцінства. Вядома, яны сталі героямі яшчэ і магічных прыгодаў, але ўспомніце сваё дзяцінства! Які фантастычны свет мы малявалі вакол сябе! Кавалак шкла ператвараўся ў алмаз, пластыкавы пісталет — у грозную зброю, якая-небудзь закінутая пабудова — у крэпасць. У гэтым сутнасць дзяцінства. А пасля «Таямніцы кватэры № 8» будзе серыя «Загадка Чорных Гадзіншчыкаў» — неверагодная гісторыя, у якой дзеці сутыкнуцца з таямнічымі і нябачнымі Чорнымі Гадзіншчыкамі, якія крадуць у людзей дарэмна страчаны імі час. Амаль дапісана кніга з тымі ж героямі, прысвечаная 500-годдзю кнігадрукавання ў Беларусі. Гэта вялікі сакрэт! Кніга павінна з’явіцца пасля лютаўскай кніжнай выставы.

— Якія кнігі вы самі любілі ў дзяцінстве і якія чытаеце зараз?

— Шмат і розныя. Зачытваўся Феніморам Куперам, Брэдберы, Уэлсам. З нашых пісьменнікаў — Бяляеў, Яфрэмаў, Аляксандрава (напісала вядомую кнігу пра дамавіка Кузю), Купрын, Бажоў, Чукоўскі. Гэта беларускія і рускія народныя казкі. Цяпер, вядома, у маім чытацкім прыярытэце класікі літаратуры — Чэхаў, Шолахаў, Талстой, Даўлатаў, Булгакаў і многія іншыя.

— П’еса «Касцюкі» напісаная вамі на беларускай мове. Гэта першы ваш драматычны і беларускамоўны твор? Што вас на яго натхніла?

— Так, першы. Я напісаў яго для Драматычнага тэатра беларускай арміі. Ён на патрыятычную тэму, пра прызыў у армію і некаторых юнакоў, якія спрабуюць гэтага прызыву пазбегнуць. Мне хацелася паказаць, як гэта ганебна — пазбягаць службы ў войску, выкручвацца дзеля гэтага. Там у канцы п’есы ёсць сцэна, калі стары апранаецца ў форму свайго загінуўшага сына-афганца і кажа юнаку, які хаваўся ў яго доме ад прызыву: «Вось яго месца займу ў арміі! Колькі мне часу засталося, столькі і аддам войску ў апошні раз. Калі ўнукі не жадаюць! Праводзіны, будзем лічыць, адбыліся! Усім не хварэць, немач у пер’і!»

— У адной са сваіх мініяцюр вы пішаце: «…Цяпер зноў буду бурчэць. Праз амаль месяц. Глыбакадумна маўчу-маўчу, а потым пачынаю дзяліцца маўчаннем з тымі, хто навокал. Сумна маўчаць проста так». Пра што не можа маўчаць пісьменнік і грамадзянін Сяргей Клімковіч?

— Не магу маўчаць пра несправядлівасць, пра небяспечную сутнасць агрэсіўнага нацыяналізму. Вяду блогі на розных рэсурсах. Заклікаю да інтэрнацыяналізму, да сяброўства, да нецярпімасці да раз’яднання народаў. Лічу, што гэта важна.

Гутарыла Бажэна МАЦЮК

«ЛіМ» №50-2016

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.