Шматграннасць творчай асобы. Знаёмцеся: Іван Белакрылаў.

     У гэтым годзе мне пашчасціла пазнаёміцца з творчасцю цудоўнага расійскага паэта, празаіка, перакладчыка, публіцыста Івана Аляксандравіча Белакрылава. Асабістае знаёмства пакуль што не адбылося, але, спадзяюся, што хутка адбудзецца на ІІІ Міжнародным фестывалі мастацтваў “Стэпавая ліра”, які будзе праходзіць у верасні г.г у станіцы Новапакроўская Краснадарскага краю Расійскай Федэрацыі, і на які я атрымала запрашэнне.

Паэзія Івана Белакрылава вылучаецца філасафічнасцю, жаданнем заглянуць у глыбіні адбываючыхся падзей. “Я бачыў Анёла” (“Я видел Ангела”)  — так называецца адзін з паэтычных зборнікаў паэта, вершы з якога я чытала з задавальненнем, наталяючыся новымі эмоцыямі, пачуццямі, узбагачаючы сябе яркімі метафарамі, вобразамі. Некаторыя з вершаў мне захацелася перакласці на беларускую мову, бо была ўпэўнена, што думкі, выказаныя ў вершах Івана Белакрылава ўзбагацяць яе, стануць светлымі, чыстымі кропелькамі ў моры беларускай літаратуры.

Спачатку хачу кораценька пазнаёміць чытачоў з творчым шляхам Івана Аляксандравіча. Нарадзіўся ён 29 мая 1963 года ў пасёлку Новы Акатуй Чыцінскай вобласці (цяпер — Забайкальскі край). Скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут ім. Горкага (1990-1995 гады навучання).

У  1996 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Масквы. У 1996 і 2000 гадах у складзе дэлегацыі рускіх паэтаў прымаў удзел у Міжнародным фестывалі «Стружскія вечары паэзіі». Разам з паэтамі Леанідам Валадарскім і Ірынай Кавалёвай заснаваў Незалежную пісьменніцкую асацыяцыю «Лютня Арыёлы», члены якой праводзяць у малой зале Маскоўскага Цэнтральнага дома літаратараў (ЦДЛ) літаратурна-філасофскія вечарыны.

У 2001 годзе ўступіў у Саюз перакладчыкаў Расіі і ў тым жа годзе быў узнагароджаны прэміяй часопіса Саюза пісьменнікаў Масквы «Кальцо А», а таксама Вялікай прэміяй Міжнароднага літаратурнага фонду імя Мілана Фюшта Венгерскай Акадэміі навук, якая была яму прысуджана за паэтычныя пераклады літаратурных помнікаў венгерскай літаратуры.

У 2002 годзе Іван Белакрылаў увайшоў у склад журы Маскоўскага адкрытага конкурсу дзіцяча-юнацкай літаратурнай творчасці «Чароўнае слова», па выніках якога сумесна з Ірынай Кавалёвай арганізуе штогадовыя фестывалі дзіцяча-юнацкай творчасці «Дзеці трэцяга тысячагоддзя», а з 2010 года разам з ёй вядзе літаратурную гасцёўню «На скрыжаванні светаў», якая дзейнічае пры клубе пісьменнікаў ЦДЛ.

Сёння Іван Аляксандравіч займае пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Свет перакладу» Саюза перакладчыкаў Расіі, а таксама з’яўляецца мастацкім кіраўніком Міжнародных фестываляў мастацтваў «Генуэзскі маяк» і «Стэпавая ліра».

Іван Белакрылаў – аўтар чатырох паэтычных зборнікаў (“Солнечное сплетение (2002), “Вотчина” (2013), “Первая сотня” (2018, поэтические переводы), “Я видел Ангела” (2018)), сааўтар некалькіх калектыўных зборнікаў і міжнародных анталогій.

Вершы, пераклады і крытычныя артыкулы публікаваліся ў часопісах «Літаратурная вучоба», «Юнацтва», «Вытокі», «Работніца», «Кальцо А», «Родомысл», «Дельфис», «Свет перакладу», «Гармідар», «Акме», «Перакладчык», «Здароўе» (цыкл дзіцячых вершаў), у альманахах «Літаратурныя знаёмствы», «Цёплы стан», «Плошча Свабоды», «Арфей», а таксама ў «Літаратурнай газеце», «Літаратурнай Расіі», «Вячэрнім клубе», «Масквічцы», аўстра-венгерскай газеце «Расійскі кур’ер» і інш.

У творчай скарбонцы Івана Белакрылава, як перакладчыка – шматлікія пераклады  англійскіх, італьянскіх, македонскіх, венгерскіх, мальтыйскіх, польскіх, русінскіх, сербскіх, славацкіх і харвацкіх паэтаў – як класікаў, так і сучаснікаў, якія публікаваліся ў славацкай «Літаратурнай газеце», кітайскім літаратурным часопісе «Фей Тян», а таксама ў македонскіх  і венгерскіх літаратурных выданнях.

А цяпер – некалькі вершаў Івана Белакрылава, якія я пераклала на беларускую мову:

У ПЕЦЯРБУРГУ

Дзіўны горад… Не ведае свет

Пра яго, і маўчыць падсвядомасць.

Там блукае ў завулках паэт

І стварае свой свет невядомы.

 

Так, здаецца, яму не з рукі

На мяжы пачуцця і спакою

Прыпыніць хвалі часу-ракі

І прыдумаць у марах такое.

 

Чорнай гліны малюе пласты,

Чэзлы куст і раскошныя паркі.

Вось каналы прайшлі скрозь масты,

Нібы нітка засмучанай паркі.

 

Вершы льюцца ў такт рухаў рукі,

Час вячэрні да раніцы крочыць.

Дзіўна – хто ён, наогул, такі,

Каб ствараць летам белыя ночы…

 

АНЁЛА БАЧЫЎ Я…

*

Анёла бачыў я – ён плакаў пра мяне.

Спусціўшыся, здаецца, з небакраю,

Усё сцвярджаў, што ён зусім не з раю,

Што я яму ва ўсім адпавядаю,

І лёс агульны нас не абміне.

**

Анёла бачыў я – ён плакаў пра мяне.

Камячыў крылы, быццам бы сурвэткі,

І кідаў долу кубкі і таблеткі,

Сцвярджаў: пазнакі ёсць (нябёсы сведкі!),

Што апякун мой там, дзе полымя ў сцяне…

***

Анёла бачыў я – па мне ня ліў ён слёз,

Вачніцы – сховішча чужой юдолі.

І я спытаў: “Тут па чыёй я волі

У недасведчанасці б’юся на прыколе,

І колькі мне шчэ дзён адмерыў лёс?”

****

Анёлаў бачыў я. Прысніліся мо мне?…

Праехалі, як той цягнік – паўстанак…

Але ж чаго я выю, бы падранак,

А блізкія не могуць шэрым раннем

Дапамагчы і абудзіць мяне?

 

ПЕРШАЯ МАЛІТВА

 

Вецер злуецца, завея,

Снежны цярушыцца мел…

Так, я маліцца не ўмею,

Як і дагэтуль не ўмеў.

 

За манастырскай сцяною

Ў трапезнай – снедання час.

Моўчкі паўстаў за спіною

Той, хто сілкуе ўсіх нас.

 

Сёння скажу шчыра Богу:

“Дзякуй за хлеб шчодры твой,

Бо не плаціў анічога

За бласлаўлёны спакой!”

                                                        Святлана Быкава

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.