Шанаванне папярэднікаў

 

 Шанаванне папярэднікаў


Шанаванне папярэднікаў24.06.2022                                                          Новости


Літаратурная спадчына, імёны, якія яе стваралі – гэта таксама складальнік нашай гістарычнай памяці. Нам робіць вялікі гонар наяўнасць вялікай колькасці творчых асоб, якія праз мастацкае слова прадставілі лёс нашага народа, нацыянальныя адметнасці, каштоўнасці, якія шануюць беларусы. Таму важна не толькі чытаць кнігі, створаныя папярэднікамі, але і варта згадваць пра іх саміх, людзей  аўтарытэтных, магчыма, нават узорных.

На Усходніх могілках у Мінску знайшлі апошні прытулак многія беларускія славутасці. У тым ліку тут і пахаванні пісьменнікаў, куды не аднаразова прыходзілі нашы літаратары, каб аддаць даніну павагі тым, хто спрычыніўся да стварэння лепшых традыцый айчыннага прыгожага пісьменства. Так было і напярэдадні сёлетняга Дня Перамогі, калі кветкі ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі ляглі да помнікаў народных пісьменнікаў Беларусі Васіля Быкава, Івана Шамякіна, Івана Мележа.

І вось чарговае наведванне могілак з тым, каб прыбраць магілы  з дарагімі імёнамі.

Андрэй Александровіч помніцца як адзін з арганізатараў беларускага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Маладняк”. У далейшым  ён – член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларускай ССР, член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

Узгадваем творы  народнага пісьменніка БССР Анатоля Астрэйкі.  У прыватнасці гучаць радкі з яго верша “Плошча Перамогі” –  “Завецца плошчай Перамогі ў Мінску/Святое месца на зямлі”.  Сказанае паэтам – на вякі!

Іван Сіўцоў – аўтар кнігі для дзяцей “Самыя юныя”, рамана “Нягоды і радасці”. Кранаюць вось такія радкі яго біяграфіі: “Ваяваў пад Сталінградам, захварэў на сухоты, дэмабілізаваўся, вярнуўся на радзіму ў Чэрыкаўскі раён, працаваў на адказных пасадах”. Жыццё Івана Кузьміча абарвалася ў 37 гадоў…

Дзмітрый  Палітыка належыць да кагорты беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў. У другой палове 1950-х быў кiраўнiком секцыі крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1960 годзе цяжка захварэў (абвастрэнне сухотаў, на якiя пачаў пакутаваць у час эвакуацыі), але працягваў працу да канца жыцця. Яго не стала 18 красавіка 1965 года.

Як вядома, 3 лістапада 2020 года адбылося перапахаванне беларускага і савецкага пісьменніка і паэта, лексікографа Змітрака Бядулі, які  раптоўна памёр 3 лістапада 1941 года  і быў пахаваны ў казахстанскім горадзе Уральск-Аралу. Зараз ідзе работа над стварэннем помніка нашаму слыннаму земляку. А пакуль прыбіраем яго магілу і ў думках уяўляем першую палову ХХ стагоддзя, калі гэты чалавек сваёй творчасцю садзейнічаў станаўленню розных жанраў беларускай літаратуры. Узрушаны, як надоўга аддаліў час яго ад радзімы і ўсё ж такі  “салавевей” на яе вярнуўся.

Калі на магілах быў наведзезены парадак, адчулася палёгкасць на душы, так гаварыў кожны з дзясятка літаратараў Мінскага гарадскога і Мінскага абласнога аддзяленняў СПБ, тых, хто свой дзень прысвяціў шанаванню памяці папярэднікаў. Мы яшчэ раз пераканаліся, як важна звяртацца да мінулага, якое знітоўвае нас з будучыняй.

Алена Стэльмах 

Па матэрыялах Саюза пісьменнікаў Беларусі  http://www.oo-spb.by/index.php?id=3504