«Савет старэйшын» Міншчыны ды іншыя вынікі працы пісьменнікаў вобласці
Share the post "«Савет старэйшын» Міншчыны ды іншыя вынікі працы пісьменнікаў вобласці"
Сёння ў складзе Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі 79 творцаў, сярод якіх — празаікі, паэты, публіцысты, драматургі. За мінулы год імі выдадзена больш як 50 кніг для дзяцей і дарослых.
Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч адзначыў:
— Летась пячатку на наш удзел у творчым жыцці наклала 70-годдзе Вялікай Перамогі. У праблематыцы, якую вы адлюстравалі ў сваіх творах, героікапатрыятычнай тэме належыць значнае месца. Да таго ж, у нашым аддзяленні шмат тых, хто служыў у войску, ахоўваў межы нашай радзімы, таму ў іх творчасці заўважна глыбокае веданне ваеннай тэматыкі.
Алесь Мікалаевіч выказаў словы ўдзячнасці публіцысту Барысу Далгатовічу, аднаму са старэйшых літаратараў вобласці. Сваімі кніжнымі праектамі, што пабачылі свет у самых розных выдавецтвах, найперш у «Беларускай Энцыклапедыі імя П. Броўкі», Барыс Дзмітрыевіч унёс важкі ўклад у шанаванне памяці нашых суайчыннікаў, ураджэнцаў Беларусі, якія праявілі сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, увогуле пакінулі след у ваеннай гісторыі.
Самае актуальнае для кожнага творцы пытанне — выданне ўласных твораў. На сходзе гаварылася пра тое, што шмат кніг выходзіць у дзяржаўных выдавецтвах, такіх як «Мастацкая літаратура», «Беларуская энцыклапедыя», «Беларусь», Выдавецкі дом «Звязда».
Алесь Карлюкевіч акцэнтаваў увагу на тым, што плён працы Мінскага абласнога аддзялення СПБ у многім залежыць ад падтрымкі яго дзейнасці з боку Мінскага аблвыканкама. Летась прадстаўнікі літаратурных колаў Міншчыны ўдзельнічалі ў сходах творчай інтэлігенцыі з губернатарам Мінскай вобласці. Пісьменнікі актыўныя ў культурным жыцці краіны: пабачыла свет кніга «Савет старэйшын», прысвечаная знакамітым людзям Міншчыны.
Не забыліся пра сайт Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Адміністратар сайта Бажэна Ганушкіна прапанавала творцам вобласці шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурс для папулярызацыі іх дзейнасці.
Алена СТЭЛЬМАХ