Рэйтынгі ад “Белкнігі”

Рэйтынгі ад “Белкнігі”

Сярод лідараў па агульных продажах – “Букварь” выдавецтва “Эксмо-Пресс М”. На другім месцы – “Дзіцячы атлас Беларусі”.

У першай палове 2018 года продажы “Букваря” склалі ў “Белкнізе” 904 асобнікі. На другім месцы – “Дзіцячы атлас Беларусі”.

Удакладнім некаторыя пазіцыі ў рэйтынгу “Белкнігі”. У краіне працуе болей 100 кнігарняў у сістэме дзяржаўнага кнігагандлю – крамы “Белкнігі”. Па кварталах і паўгоддзях распаўсюджвальнікі кніжнай прадукцыі вядуць рэйтынгі продажу: літаратуры замежнай і беларускай вытворчасці; літаратуры вытворчасці Рэспублікі Беларусь, якая прадаецца ў “Белкнізе”; літаратуры на беларускай мове.

Хто ж, якія аўтары, якія кнігі сярод лідараў у першым паўгоддзі? Размова найперш – пра рэйтынг кніг, што выйшлі па-беларуску.

Сярод такіх выданняў болей за ўсё асобнікаў прададзена “Дзіцячага атласа Беларусі” – 435 экзэмпляраў. Кніга выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Другое месца – у кнігі “Беларускія казкі” (выдавецтва “Парадокс”). Прададзена 190 экзэмпляраў. Следам ідзе Уладзімір Караткевіч з “Дзікім паляваннем караля Стаха”. Класіка неўміручая! Дарэчы, з класічных твораў у чытача карыстаюцца попытам кнігі Якуба Коласа “Новая зямля”, “Сонцавы косы”, Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, “Чорны замак Альшанскі”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, Міхася Лынькова “Міколка-паравоз”, Андрэя Мрыя “Запіскі Самсона Самасуя”. Згаданыя выданні ўвайшлі ў лік 45 кніг, якія прыцягнулі найбольшую ўвагу. Праўда, “Новую зямляю” набылі 129 чытачоў, а раман А. Мрыя – усяго толькі 15.

З сучасных аўтараў у ліку 45 кніг, якія лідзіруюць у рэйтынгу “Белкнігі”, – Мікола Маляўка, Мікола Бусько, Генадзь Аўласенка, Алесь Лозка, Таццяна Дамаронак, Алена Масла, Сяргей Давідовіч, Сяргей Тарасаў. З твораў пісьменнікаў, якія нядаўна пайшлі з жыцця, цікавасць чытача, пакупніка выклікаюць кнігі Паўла Місько і Янкі Галубовіча. Ёсць і перакладныя кнігі – “Возера радасці” Віктара Марціновіча, “Мемуары Мумітаты” Тувэ Янсан, “Эла і сябры” Цімы Парвелы.

З мастацкіх кніг на рускай мове, выдадзеных у Беларусі, – у рэйтынгу і раманы Мікалая Чаргінца “Операция «Кровь» і “Побег”. З мастацкіх кніг замежнай вытворчасці ў лідарах – “Происхождение» Д. Брауна  (321 экз.) і “Денискины рассказы” В. Драгунскага (252 экз.).

Сяргей Шычко

«Созвучие»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.