“Ракуцёўскае лета-2019”
Традыцыйнае свята паэзіі і песні “Ракуцеўскае лета” прайшло напярэдадні на Маладзечаншчыне. У трыццаць шосты раз ў вёсцы Ракуцёўшчына сабраліся прыхільнікі творчасці самага маладога класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
Два кароткія месяцы лета 1911 года правёў малады літаратар ў маёнтку Вацлава Лычкоўскага. Ён знаходзіўся тут па запрашэнні пляменнікаў уладальніка, сяброў М.Багдановіча па “Нашай ніве” – Івана і Антона Луцкевічаў. Два летнія месяцы сталі надзвычай багатымі на творчую дзейнасць – тут былі напісаны паэмы “Вераніка” і “У вёсцы”, а таксама 17 вершаў, якія былі ўкладзены ў знакаміты прыжыццёвы зборнік паэта “Вянок”.
Глыбока сімвалічна, што ў мясцінах, якія сталі калыскай яго творчасці, штогод праходзіць свята песні і паэзіі “Ракуцёўскае лета”. Кожны год прыхільнікі жывога слова збіраюцца разам, каб аддаць даніну павагі і памяці Максіму Багдановічу. А распачаўся традыцыйны маштабны фэст, прысвечаны жыццю і творчасці выбітнага класіка беларускай літаратуры, з прывітальнай імпрэзы каля памятных камянёў, і вось ужо праз паўгадзіны гасцей урачыстай імпрэзы сустракалі традыцыйным хлебам соллю ў літаратурна-мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына». А праз некалькі хвілін наведвальнікі фэсту змаглі на свае вочы ўбачыць «Дом гаспадара», наведаць экспазіцыю ў «Дамку арандатара», зазірнуць у гумно і наталіць смагу з крыніцы «жывой вады», якую стагоддзе таму ўзгадваў у сваіх творах паэт.
Галоўная ж дзея фэсту распачалася на сядзібніку фальфарка. На імправізаванай пляцоўцы пад пільным паглядам Максіма паэты і літаратуразнаўцы, даследчыкі і выканаўцы, музейныя супрацоўнікі выказвалі свае пачуцці: хто ў вершах, хто ў песнях, хто ў шчырых словах адданасці творчасці беларускага літаратара. Традыцыйна ўзялі ўдзел у маштабным фэсце і пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Прывітальнае слова на адрас удзельнікаў свята выказала намеснік старшыні пісьменніцай суполкі Міншчыны Марыя Кобец, свае тэматычныя вершы дэкламавалі Валянціна Гіруць-Русакевіч, Віктар Кажура, надзвычай шчымлівыя песні выканаў бард, паэт з Вілейкі Уладзімір Цанунін.
Нягледзячы на спякотлівае надвор’е канцэртная праграма на сядзібніку доўжылася больш чым чатыры гадзіны. Разам з тым госці свята маглі прыняць удзел у майстар-класе па напісанні лімерыкаў і інтэлект-трэніроўцы ад ПЭН-цэнтра, стаць удзельнікам такіх гульняў як «Падарожжа з Вільні ў Мінск», «Літаратурны кракадзіл», «Музейная шуфлядка», прайсці сапраўдны квэст па экспазіцыі, а таксама атрымаць цікавы майстар-клас па стварэнні выцінанкі.
Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.