Ракуцёўскае лета-2017

У нядзелю, 30 ліпеня, на Маладзечаншчыне, у Ракуцёўскім філіяле музея Максіма Багдановіча адбылося традыцыйнае свята “Ракуцёўскае лета”. Сёлета ў словы ўшанавання памяці вядомага беларускага паэта дадаліся ноткі суму: у гэтым годзе споўнілася 100 год з дня яго смерці.

Надвор’е спрыяла прыхільнікам таленту вядомага беларускага песняра. Гарачае летняе сонейка глядзела на шматлюднае ў той дзень падвор’е Ракуцёшчыны, дзе далёкім летам 1911 года жыў Максім Багдановіч. Супрацоўнікі музея на чале з яго дырэктарам Марынай Міхайлаўнай Запартыка і адміністрацыяй Маладзечанскага раёна зладзілі цудоўны канцэрт-ушанаванне памяці Максіма Багдановіча. Сярод выступоўцаў былі прадстаўнікі Латвіі і  Крыма (г. Ялта, дзе памёр паэт). З імправізаванай сцэны, якая размясцілася сярод сакавітай зеляніны, гучалі ўспаміны пра жыццё паэта, яго вершы, а таксама ліліся песні тых далёкіх гадоў, якія пелі жанкі ў полі і якія любіў слухаць Максім Багдановіч.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве ў гэтым годзе былі запрошаны і паэты Міншчыны. Са святочнай пляцоўкі свае вершы чыталі старшыня Мінскага аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава, паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч з Валожына. З нязменнай гітарай выйшаў на сцэну Уладзімір Цанунін, які таксама чытаў свае вершы і спяваў песні.

…А са сцэны на ўсіх выступоўцаў і гасцей свята паглядаў Максім Багдановіч – малады, прыгожы… жывы. Бо, кажуць, што чалавек жыве датуль, пакуль яго памятаюць.   

Святлана Быкава