Прымаюцца заяўкі на конкурс маладых літаратараў «Мост Дружбы»

Публікацыя твора на беларускай і рускай мовах у альманаху, што распаўсюджваецца ў Беларусі і Расіі. Магчымасць праверыць свае сілы ў прозе і знайсці ўласнага чытача. А яшчэ — шанц пазнаёміцца з вядомымі літаратарамі, крытыкамі і наладзіць стасункі са сваімі калегамі па пяры. Усё гэта толькі некаторыя з «бонусаў», што атрымаюць пераможцы конкурсу маладых літаратараў «Мост Дружбы» (па пяць з Беларусі і Расіі).


У якасці яго заснавальніка выступае Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, а падтрымку ў арганізацыі аказваюць асацыяцыя «Пазнаём Еўразію», Інстытут сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага і Нацыянальны прэс-цэнтр Беларусі.

— Падрастае новае пакаленне маладых людзей, якія спрабуюць сябе ў літаратуры. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні нехта з іх стане вядомым і заваюе сваёй творчасцю вялікую колькасць чытачоў, — распавядае адзін з каардынатараў конкурсу, намеснік дырэктара Нацыянальнага прэс-цэнтра Аляксей ЦЫБУЛЬКА. — Менавіта на пошук таленавітых аўтараў і скіраваны наш конкурс маладых літаратараў «Мост Дружбы», які праводзіцца сёлета вось ужо трэці раз. Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы вызначыў перыядычнасць правядзення конкурсу — раз на два гады. Прыемна адзначыць, што з кожным годам цікавасць да яго з боку маладых аўтараў расце.

На адрас конкурсу «Мост Дружбы» ўжо паступіла каля 60 заявак ад беларускіх і расійскіх літаратараў, але прыняць удзел у ім яшчэ не позна.

Падаць свае работы запрашаюць маладых беларускіх і расійскіх аўтараў ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Каардынатары прымаюць толькі празаічныя творы малой літаратурнай формы (апавяданне, нарыс, эсэ) на беларускай ці рускай мовах, якія раней не друкаваліся і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах.

Работы і заяўкі (з указаннем імя, прозвішча аўтара, яго ўзросту, месца жыхарства, вучобы ці працы, кантактных звестак, таксама з далучэннем фотаздымка і кароткай біяграфіі) прымаюцца да 30 верасня ўключна па электронным адрасе іnfo@bpc.by з пазнакай «Мост Дружбы».

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сяброўства літаратараў без межаў

http://zviazda.by/be/news/20160914/1473870134-syabroustva-litaratarau-bez-mezhau