Прыйшлі да слаўнага Алеся

Прыйшлі да слаўнага Алеся

27 жніўня споўнілася сто гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага пісьменніка, абаронцы Брэсцкай крэпасці, ураджэнца вёскі Забалацце Уздзенскага раёна Алеся (Аляксандра) Іванавіча Махнача. З гэтай нагоды на могілкі, дзе знайшоў вечны спачын годны сын нашай краіны, завіталі паэт, член Савета Мінскага абласнога аддзялення СПБ, кіраўнік раённага літаб’яднання “Нёманец” Віктар Сабалеўскі разам з аматарамі мастацкага слова, работнікі культуры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Аб багатай творчай спадчыне земляка нагадала прысутным дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса Аксана Драчан. У бібліятэках раёна кнігі Алеся Махнача па-ранейшаму карыстаюцца попытам. У іх – багаты матэрыял для настаўнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, работнікаў культуры, і не толькі ў гэты юбілейны год. Ладзяцца выстаўкі яго кніг, краязнаўцы вывучаюць шматлікія рукапісы, выклікаюць цікавасць у прысутных сустрэчы са школьнікамі, мерапрыемствы для бібліятэкараў. Алесь Іванавіч пакінуў пасля сябе цікавыя кнігі, успаміны, творчыя напрацоўкі, якія цяпер паспяхова выкарыстоўваюцца на карысць беларускай літаратуры, культуры. Не выпадкова ж яго імя ў свой час было прысвоена Забалацкай сельскай бібліятэцы, вуліцы ў Прысынку, і пахаваны ён не на сталічных могілках (у Мінску пражыў большую частку свайго жыцця), а тут, на сваёй малой Радзіме. Пакланіцца светлай памяці пісьменніка-земляка можа любы жыхар і госць Уздзеншчыны.

Кожны, хто завітаў у той дзень на могілкі, гаварылі толькі цёплыя словы пра чалавека, які ўсё жыццё цікавіўся, словам і справамі падтрымліваў землякоў. Пра ўласную перапіску з Алесем Махначом, яго клопаты пра пачынаючых літаратараў паведаміў Віктар Сабалеўскі. Настаўнік, вядомы ў раёне краязнаўца Андрэй Ярмольчык падзяліўся ўспамінамі аб сумесных мерапрыемствах, аб тым, што разам з Уладзімірам Кісялёвым наш зямляк стварыў багацейшыя напрацоўкі, якімі і праз дзесяцігоддзі з поспехам карыстаюцца ўсе, хто цікавіцца мінулым роднага краю (прыгадаем хаця б яго кнігі-нарысы “Забалацце” і “Нізок”). Супрацоўніца бібліятэкі Вольга Віяленцій паведаміла, што ў серыі “Бальзам жывых крыніц” рыхтуецца да выдання рукапіс напісаных творцам шмат гадоў таму нататак пра бібліятэчныя справы. Вершаванымі і цёплымі празаічнымі радкамі згадалі земляка члены літаб’яднання Клаўдзія Рогава і Тамара Каляда.

Вянок і жывыя кветкі ляглі да надмагільнага помніка Алеся Махнача.

Прэс-служба МАА СПБ. Па матэрыялах, дасланых Віктарам Сабалеўскім.