Прэзентацыя літаратурнага альманаха літаратараў Беларусі і Балгарыі «Сфера притяжения»

Юбілейная “Сфера…”

17 сакавіка 2010 года кіраўніцтвам Уздзенскага райвыканкама і главой адміністрацыі Шатурскай муніцыпальнай акругі Маскоўскай вобласці было падпісана пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў і супрацоўніцтве паміж імі. Паступова сталі наладжвацца эканамічныя, гандлёвыя, культурныя і іншыя кантакты. У тым ліку і літаратурныя.

У пачатку гэтага года ў Шатуры выйшаў чарговы, дзясяты па ліку, літаратурны альманах “Сфера притяжения”, у якім сабраны вершаваныя і празаічныя творы сталых і пачынаючых аўтараў з гэтага падмаскоўнага рэгіёна. З 2012 года ў гэтым выданні знаходзіцца месца і для вершаў, прозы творцаў з гарадоў-пабрацімаў з Беларусі і Балгарыі. У юбілейным выданні таксама змешчаны творы пісьменнікаў і паэтаў з Удзеншчны.

Прэзентацыя альманаха адбылася ў апошні дзень ліпеня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса. Удзельнікамі гэтага мерапрыемства пажадалі стаць звыш пяцідзесяці аматараў літаратуры.

Спачатку прысутныя праглядзелі відэаслайды пра сённяшні дзень размешчанага за 120 кіламетраў ад Масквы гарадка, праслухалі інфармацыю пра грані ўзаемасупрацоўніцтва. Цікавай прэлюдыяй да сустрэчы стала і выступленне члена літаб’яднання “Нёманец” Валянціны Шытыка, якая нарадзілася, вучылася і паўжыцця пражыла ў Расіі, а цяпер дзеліцца сваім жыццёвым вопытам, літаратурнымі здольнасцямі з жыхарамі Беларусі. Чытачы бібліятэкі знаёмы з яе аповесцямі, раманамі, а на гэты раз Валянціна Міхайлаўна прачытала  свой верш “Две матери” аб дружбе братніх народаў.

А потым выступалі аўтары, творы якіх змешчаны ў юбілейным альманаху і папярэдніх зборніках: члены Саюза пісьменнікаў Беларусі  Дзмітрый Вінаградаў, Віктар Сабалеўскі, Галіна Нічыпаровіч, а таксама Паліна Кучук, Вольга Бокуць-Чабатарова, Тамара Каляда. Павіншавала творцаў, слухачоў і чытачоў з такой важкай падзеяй у грамадскім жыцці раёна дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса Аксана Драчан. А завяршылася сустрэча шчырымі радкамі з вядомай песні “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались», якую разам з культработнікам Алегам Каламійцам спявалі многія з прысутных у зале.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»