Прэзентацыя калектыўнага зборніка дзіцячай творчасці адбылася ў Заслаўі
Share the post "Прэзентацыя калектыўнага зборніка дзіцячай творчасці адбылася ў Заслаўі"
Сусветны Дзень абаронцы дзяцінства ў Заслаўі стаў сапраўдным святам для дзяцей: гульні, атракцыёны, конкурсы, канцэрты… Усё гэта можна было ўбачыць у Дзіцячым гарадскім парку ў суботу, 1-га чэрвеня.
А яшчэ былі падарункі: у гэты дзень адбылася прэзентацыя новага агульнагарадскога зборніка дзіцячай творчасці “Зорны россып”, выдадзенага ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”. Гэты зборнік – трэццяе па ліку агульнагарадское выданне. Першыя два – “Струмені заслаўскай крынічкі” і “Нашчадкі Рагнеды” выйшлі ў 2016 і 2017 гадах. Аўтарам ідэі выдання і рэалізатарам творчага праэкта, укладальнікам і рэдактарам зборнікаў з’яўляецца Святлана Быкава – паэтэса, дзіцячая пісьменніца, старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
У новы зборнік увайшлі літаратурныя творы 53 вучняў трох сярэдніх навучальных устаноў горада Заслаўя, якія паспрабавалі свае сілы ў паэтычным і празаічным жанрах, а таксама 37 юных мастакоў Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Спачатку слова было дадзена юным сааўтарам зборніка і прадстаўнікам школ. Маладыя паэты з задавальненнем чыталі свае вершы, а дуэт дзяўчынак з вакальнай студыі гарадскога Дома культуры у падарунак для сваіх таленавітых землякоў выканаў песню.
Трэба сказаць, што на гэты раз выданне было прафінансавана двума прадпрыемтсвамі горада: замежным прадпрыемствам “Косвік” і “ААТ “ПМК-42”. Дзякуючы іх фінансавай падтрымцы, на свяце кожнаму юнаму літаратару і мастаку, а таксама і ўсім дарослым, якія прымалі ўдзел у рэалізацыі творчага праэкта, Святлана Быкава ў якасці падарунка ўручыла зборнік “Зорны россып”.
Супрацоўнікам навучальных устаноў горада, якія прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да выдання ўсіх трох агульнагарадскіх зборнікаў, Святлана Быкава ад імя Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” уручыла падзякі за падтрымку творчай моладзі.
Шматлікія фотаздымкі, зробленыя падчас імпрэзы, назаўсёды захаваюць шчаслівыя твары ўдзельнікаў мерапрыемства.
Прэс-Цэнтр МАА ГА СПБ