Пісьменнікі Міншчыны – на ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы
Share the post "Пісьменнікі Міншчыны – на ХХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы"
Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ прынялі актыўны ўдзел у сёлетней Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы.
13 сакавіка, напярэдадні адкрыцця выстаўкі, Міхась Кенька, Ірына Карнаухава, Зіновій Прыгодзіч, Сяргей Клімковіч, Сяргей Мусіенка, Уладзіслаў Цыдзік і Нэлі Мельнічэнка ўдзельнічалі ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”.
У гэты ж дзень старшыня аддзялення Леанід Крыванос, галоўны спецыяліст Рагнед Малахоўскі, паэтэсы Тамара Бярэзіна з Маладзечна, Наталля Жызнеўская з Валожынскага раёна, Марыя Шакун і Аксана Мітрошчанкава з Валожына прынялі ўдзел у прэзентацыі кніг мастацкіх перакладаў паэтэсы Зінаіды Гасціловіч, якая адбылася ў межах Дэкады рускай кнігі ў Валожынскім раённым цэнтры культуры.
Падчас працы кніжнай выстаўкі на пляцоўцы дзіцячай кнігі перад юнай аўдыторыяй свае творы прэнтавалі вядомыя пісьменніцы аддзялення Кацярына Хадасевіч-Лісавая і Ірына Карнаухава. На стэндзе Саюза пісьменнікаў Беларусі свае творы чытаў Рагнед Малахоўскі. У “паэтычным аўтобусе” дэкламавалі вершы і адказвалі на пытанні пасажыраў паэты Уладзімір Рунцэвіч, Тамара Бярэзіна, Ірына Карнаухава.
17 сакавіка на галоўнай пляцоўцы кніжнай выстаўкі адбылася прэзентацыя абласной пісьменніцкай арганізацыі. Адкрыў яе прывітальным словам кіраўнік аддзялення Леанід Крыванос. Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла ганаровыя ўзнагароды лаўрэатам літаратурнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за 2021-2022 гг. Віншаванні атрымалі: у намінацыі “Проза” – Ірына Карнаухава – за кнігу “Необычно-обычные истории”; у намінацыі “Паэзія” – Уладзімір Цанунін – за зборнік вершаў “Каму патрэбна памяць аб вайне” і Таццяна Цвірко – за зборнік “Вершам прарасту…”; у намінацыі “Публіцыстыка” – Павел Жукаў – за кнігу “Тут земля такая”; у намінацыі “Мастацкі пераклад, літаратурная крытыка” – Аляксандр Хазянін – за зборнік літаратуразнаўчых матэрыялаў “Светлыя прамені”. За Аркадзя Жураўлёва – лаўрэата ў намінацыі “Дзіцячая і юнацкая літаратура” – за кнігу казак “Чароўныя словы” узнагароду атрымала яго дачка.
У другой частцы прэзентацыі аддзялення размова ішла пра калектыўны зборнік “Званоў перазвон”. Аўтары са сцэны чыталі творы, якія ўвайшлі ў кнігу – прысвечаныя спаленым вёскам Міншчыны. Сярод гледачоў былі наведвальнікі і ўдзельнікі выстаўкі, пісьменнікі абласнога аддзялення, навучэнцы Мінскага абласнога ліцэя.
Напрыканцы мерапрыемства прагучалі шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас пісьменнікаў. Пасля старшыня Леанід Крыванос адказаў на пытанні карэспандэнтаў тэлеканалаў СТБ, АНТ, абласной газеты “Мінская праўда”. Мядзельскі публіцыст Павел Жукаў даў інтэрв’ю галоўнай газеце вобласці, у якім распавёў пра напісанне сваёй кнігі, дзякуючы якой стаў лаўрэатам.
Прэс-служба МАА СПБ