Пісьменнікі Міншчыны на міжнародным форуме аматараў літаратуры і кнігі

Завяршыла працу XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш.  Па сутнасці, галоўная падзея года для літаратараў Беларусі стала асабліва яркай і запамінальнай і для пісьменніцкай суполкі вобласці. Міжнародны сімпозіум “Пісьменнік і час”, паэтычны аўтобус, прэзентацыі кніг і  творчасці, натхнёныя выступы і аўтограф-сесіі…Як прайшоў маштабны кніжны форум для членаў  Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”?

Шмат асабліва адметных  мерапрыемстваў і цікавых пляцовак працавала падчас XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, аднак найбольш знакавымі мерапрыемтвамі для пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення СПБ, напэўна, былі чатыры   – творчая імпрэза літаратараў  вобласці, прысвечаная Году малой радзімы “Душы маёй выток”, якая адбылася 8 лютага на пляцоўцы “Пісьменнік і час”; прэзентацыя калектыўнай кнігі для дзяцей “Ад калыханкі да забаўлянкі”, што таксама ў гэты дзень прайшла на дзіцячай пляцоўцы;  удзел пісьменнікаў Міншчыны ў наватарскім праекце сёлетняй выставы –  “паэтычным аўтобусе”; а таксама прэзентацыя кніжных навінак літаратараў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Але аб кожным з іх, так бы мовіць,  па чарзе…

“Душы маёй выток”

Асабліва цёпла, пранікнёна і нават некалькі шчымліва прайшла прэзентацыя творчасці пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення пад сімвалічнай назвай “Душы маёй выток”. Як вядома, сёлетні год аб’яўлены Прэзідэнтам  нашай краіны Годам малой радзімы, таму цалкам заканамерна, што кожны з удзельнікаў імпрэзы ў большай частцы сваіх твораў выказваў шчырыя словы прызнання ў любові свайму куточку. Вілейка і Барысаў у творах  Уладзіміра Цануніна і Лёлі Багдановіч, Клецк і Маладзечна ў выступленнях Таццяны Цвірка і Марыі Шэбанец, Валожыншчына і Дзяржыншчына ў вершах і песнях Дзмітрыя Краскоўскага і Людмілы Круглік, Міншчына ў асабліва цёплым выступленні Таццяны Дашкевіч, Заслаўе і Піншчына ў творах Святланы Быкавай і Марыі Кобец.

На працягу цэлай гадзіны ўдзельнікі творчай імпрэзы, зладжанай на пляцоўцы “Пісьменнік і час”, дэманстравалі свае творчыя здольнасці – дэкламавалі вершы і спявалі песні ў арыгінальным музычным суправаджэнні,  адным словам, яшчэ раз нагадалі ўсім наведвальнікам мерапрыемства – Мінская вобласць асабліва багатая на літаратурную скарбніцу.

“Ад калыханкі да забаўлянкі”

Знаёмства з літаратурнымі героямі цудоўнага дзіцячага выдання “Ад калыханкі да забаўлянкі”, кнігі вершаў казак і апавяданняў для дзяцей малодшага дзіцячага ўзросту,  якая ў мінулым годзе пабачыла свет у Выдавецкім Доме “Звязда”, надзвычай ярка і запамінальна прайшло ў рамках выставы-кірмашы на дзіцячай пляцоўцы. На самым пачатку прэзентацыі грунтоўнага дзіцячага выдання яе ўкладальнік, кіраўнік  народнага клуба кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці “Жывіца” Ірына Аляксандраўна Карнаухава распавяла пра  тое, як вялася праца над стварэннем і падрыхтоўкай кнігі, а старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Анатольеўна Быкава  пазначыла прысутным аб значнасці і неабходнасці выдання.

Здымак Ирина ÐšÐ°Ñ€Ð½Ð°ÑƒÑ…Ð¾Ð²Ð°Цікава і арыгінальна гучалі падчас прэзентацыі творы літаратараў у аўтарскім агучванні Таццяны Мушынскай, Лёлі Багдановіч, Таццяны Дашкевіч. Вершы Галіны Нупрэйчык і Ліліі Мялешка, Уладзіміра Цануніна і Святланы Быкавай  дэкламавалі ўдзельнікі імпрэзы – члены дзіцячага літаратурнага клуба “Ізяслаўцы”, вучні 5 класа ДУА “Заслаўская гімназія” Марыя Собаль і Яраслава Амеліна. Кіраўнік узгаданага аб’яднання –  Лізавета Скальская –  распавяла пра сумесную дзейнасць іх фарміравання з пісьменніцкай суполкай Міншчыны. Па завяршэнні мерапрыемства кожны жадаючы меў магчымасць не толькі набыць дзіцячае выданне, але і атрымаць аўтограф ад яго аўтараў.

“Паэтычны аўтобус”

Паэту патрэбна быць пачутым, а для іншых людзей карысна пачуць узнёслае  паэтычнае Слова, якое адухаўляе, надае імпульс да высокіх чалавечых памкненняў. Менавіта з гэтымі важнымі мэтамі ў гэтым годзе, у рамках работы XXVI Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу, была створана перасоўная творчая пляцоўка  – так званы “паэтычны аўтобус”.

Арганізатарам незвычайнага тура выступіла Міністэрства інфармацыі пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі і Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ.

8-га лютага на літаратурным маршруце аўтобуса, які курсіраваў ад прыпынка “Палац спорту” да Выставачнага комплексу “БелЭкспа”, працавалі пераважна прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Права прадстаўляць вершапісцаў і ўводзіць пасажыраў у курс спраў было дадзена валанцёрам з Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ.

Больш за чатыры гадзіны на незвычайным маршруце гучалі вершы, байкі і песні ў выкананні таленавітых прадстаўнікоў Мінскай абласной пісьменніцкай суполкі: Уладзіміра Цануніна, Аляксандра Быкава, Галіны Нічыпаровіч, Ірыны Карнаухавай, Людмілы Круглік, Дзмітрыя Краскоўскага, Таццяны Цехнебедзінай. На некаторы час да іх далучылася і яшчэ адна вядомая прадстаўніца Міншчыны – першы намеснік старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алена Стэльмах. Цікаўнасць да незвычайнага тура  праявілі і СМІ: выступленне паэтаў і бардаў здымала тэлебачанне, у іх бралі інтэрвью.

Трэба дадаць, што прысутнымі і ўдзельнікамі мерапрыемства была дадзена высокая адзнака. Усе яны зычылі новаму творчаму праекту доўгага жыцця, шмат хто жадаў праехаць па гэтым маршруце і ў наступны год.

“Багацце літаратурнай скарбніцы Міншчыны”

Для пісьменнікаў Міншчыны мінулы год выдаўся дастаткова плённым – амаль чатыры дзесяткі аўтарскіх кніг пабачыла свет у 2018-ым годзе.  Пра адзінаццаць з іх больш дэталёва можна было даведацца 9-га лютага на прэзентацыях, якія праводзіла Мінскае абласное аддзяленне ГА “СПБ” на пляцоўцы “Пісьменнік і час” XXVI Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу.

Са сваімі новымі выданнямі слухачоў пазнаёмілі:

  • Таццяна Мушынская (зборнік эсэ і ўспамінаў “Дыханне ранняй восені”);
  • Віктар Сабалеўскі (гумарыстычны зборнік “Была нядзеля і мы дудзелі”);
  • Іван Ярашэвіч (кніга-даследванне “Што ў прозвішчы тваім”);
  • Ірына Карнаухава (зборнік вершаў “Люди как звёзды. Отражение»);
  • Кацярына Хадасевіч-Лісавая (казачная гісторыя для дзяцей “Таямніцы незвычайнай школы”);
  • Святлана Быкава (зборнікі вершаў “Капельки” і “На перекрёстке миров”);
  • Аляксей Шаўцоў (прыгодніцкая аповесць “Тень жёлтого дьявола”);
  • Таццяна Дашкевіч (зборнік песень “Состояние ожидания” і зборнік вершаў “Душа без прикрас»);
  • Марыя Кобец (зборнік паэзіі “У белым ветразі завей”).

Падтрымаць выступоўцаў прыехаў вядомы кампазітар і выканаўца з Пінска Віктар Мяцельскі. У перапынках паміж выступоўцамі пад гітару ён выканаў некалькі музычных кампазіцый на словы літаратараў Міншчыны.

Творчы калейдаскоп выставы

Акрамя таго пісьменнікі Мінскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі бралі актыўны ўдзел ў шматлікай колькасці самых разнастайных мерапрыемтваў выставы-кірмашу. Так, адным з найбольш значных мерапрыемстваў, у якім прынялі ўдзел пісьменнікі Міншчыны, стаў 5-ы юбілейны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”, што 7-га лютага  прайшоў у выставачным комплексе БелЭкспа. На працягу 4-гадзін пісьменнікі з 25-ці краін свету вялі дыскусіі і абмеркаванні, дзяліліся ўласным досведам у вялікай справе мастацкага слова. Якую ролю выконвае сёння ў свеце пісьменнік, на што можа ўплываць літаратура і як яна дапамагае абуджэнню нашай грамадскай свядомасці?.. Гэтыя і многія  іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас міжнароднага форуму.

Гэтую ж тэматыку  прадоўжылі абмяркоўваць госці з далекага і блізкага замежжа падчас Міжнароднага круглага стала, які ў гэты ж дзень прайшоў у Мемарыяльнай зале Дома літаратараў. “Малая радзіма. Твая і мая…” Такую сімвалічную назву мела сустрэча. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі агульныя вехі тэмы малой радзімы ў жыцці і дзейнасці кожнага чалавека, кожнай краіны, а таксама падзяліліся ўражаннямі аб яе актуальнасці. Асабліва ажыўлена абмяркоўваліся падчас сустрэчы агульныя літаратурныя сувязі паміж пісьменнікамі розных краін, перакладчыцкія праекты. За важкі асабісты ўнёсак у развіццё сучаснай перакладной літаратуры, высокі прафесіяналізм у перакладзе башкірскай паэзіі, паэт, перакладчык,  член Мінскага абласнога аддзялення СПБ  Марыя Кобец атрымала Падзячнае пісьмо з рук старшыні Саюза пісьменнікаў Башкартастана Закі Алібаева.

Дастаткова ярка і запамінальна прайшлі падчас выставы-кірмашу і асабістыя прэзентацыі кніг і творчых праектаў пісьменніцкай суполкі Міншчыны.

Так, вядомая дзіцячая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая  пазнаёміла слухачоў з асноўнымі героямі сваёй новай кніжкі, а таксама правяла займальную віктарыну для самых маленькіх наведвальнікаў яе творчай гасцёўні.

Па-хатняму цёпла і ўтульна прайшла і прэзентацыя кнігі вядомай паэтэсы з Валожына Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч. Выдадзеная ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” кніга пад назвай “На нітцы часу” была прэзентавана на пляцоўцы “Пісьменнік і час”. На гэтай жа пляцоўцы 7-га лютага прэзентаваў сваё выданне і вядомы пісьменнік Сяргей Клімковіч. Кніга гэтага аўтара пад назвай  «А в полку том жили-были…» таксама пабачыла свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці”.

Надзвычай цікавы і арыгінальны па форме адкрыты ўрок пазакласнага чытання па творы вядомай дзіцячай пісьменніцы, першага намесніка старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алены Стэльмах “Павучок Славік”  прайшоў 7-га лютага на творчай пляцоўцы “Пісьменнік і час”. Вядучай урока выступіла студэнтка 4 курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка Лілія Стэфанюк, якая ў жывым дыялогу з вучнямі пачатковай школы №39 г.Мінска не толькі ажыццявіла вандроўку ў казачны свет твора дзіцячай пісьменніцы, але і правяла з маленькімі чытачамі займальную віктарыну.

Прэзентацыю сваёй новай кнігі “Маленькая азбука вялікай краіны” правёў і літаратар з Вілейкі Віктар Кажура. Кніга выйшла ў свет у выдавецтве  “Пачатковая школа” і ўжо сёння знайшла свой шлях да чытача.

Разам з Выдавецкім домам “Звязда”  прайшлі падчас выставы і  прэзентацыі кніг Эсміры Ісмаілавай  “Новогодние приключения мышонка Пипа”, Іны Зарэцкай «Сказки елочных игрушек»,  Генадзя Аўласенкі “Снегавік і вясна”.

На працягу ўсяго тыдня на Нацыянальным стэндзе выставы пастаянна дзейнічала экспазіцыя «У пошуках страчанага» – аўтарскі праект Уладзіміра Ліхадзедава. «Мясціны, любыя сэрцу» – выстава паштовак і фотаздымкаў канца  XIX – пачатку XXст., кніг і іншых рарытэтных экспанатаў, прысвечаных Году малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь.Адрэканструяваны друкарскі станок  XVI стагоддзя і адноўленая на ім па старажытнай тэхналогіі Біблія Францыска Скарыны. Арыгінальная друкаваная тэхніка і пісьмовыя праналежнасці  XIX – пачатку XXст. Экспазіцыя, прысвечаная уражэнцам Беларусі Адаму Міцкевічу і Тадэушу Касцюшка.

Акрамя таго, у рамках асноўнай праграмы ХХVІ Міжнароднай кніжнай выставы  8-га лютага адбылася таксама і прэзентацыя міжнароднага творчага літаратурнага праекта паэтэсы, перакладчыцы  Марыі Кобец. У творчай іпрэзе паэткі бралі удзел госці выставы – літаратары  з Чачні і Узбекістана –  Адам Ахматукаеў і Рысалат Хайдарава, Літвы і Латвіі – Арно Юндзэ і Яронімас Лаўцюс.

У праграме творчай імпрэзы адбыўся кароткі экскурс у творчасць паэтэсы, перакладчыцы,  знаёмства з ралізацыяй міжнароднага літаратурнага праекта “Пад адным сонцам”, выступленні гасцей імпрэзы.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення

Саюза пісьменнікаў Беларусі