Пісьменнікі Міншчыны ў Ракуцёўшчыне

27 ліпеня ў чарговы раз фальварак Ракуцёўшчына, што ў Маладзечанскім раёне, сустракаў літаратараў Мінскага абласнога і сталічнага аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прадстаўнічая дэлегацыя, у складзе якой былі кіраўнікі аддзяленняў, паэты, прыняла ўдзел у традыцыйным свяце паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”, якое арганізавалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Маладзечанскі райвыканкам. Мерапрыемства прысвечана творчасці і жыццёваму шляху Максіма Багдановіча.

З галоўнай сцэны для гасцей і ўдзельнікаў свята свае вершы і аўтарскія песні, у тым ліку адрасаваныя выбітнаму сыну Беларусі, выконвалі Міхась Пазнякоў, Іна Фралова, Алена Басікірская, Валянціна Драбышэўская, Кацярына Роўда, Рагнед Малахоўскі, Уладзімір Цанунін.

Адметнай падзеяй стала ўрачыстае ўручэнне старшынёй Мінскага абласнога аддзялення СПБ Леанідам Крываносам членскіх білетаў новапрынятым пісьменнікам у шэрагі арганізацыі: барысаўчанам Паліне Корневай і Максіму Хацкевічу, маладзечанскай паэтэсе Лідзіі Гардынец. Яны ў сваю чаргу таксама прачыталі аўтарскія творы.

Гасцей “Ракуцёўскага лета” радавалі сваімі музычнымі выступленнямі народныя і самадзейныя калектывы Маладзечанскага раёна, працавалі выставы-продажы мастацкіх вырабаў мясцовых майстроў. Выдавецкі дом “Звязда” ладзіў аўтограф-сесіі з пісьменнікамі. Традыцыйны тэатралізаваны ўдзел у ёй прыняла і дзіцячая пісьменніца з Мінскага раёна Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

Прэс-служба МАА СПБ